06 верасня 2009

Мухамад Алі ўзнагароджаны на гістарычнай радзіме


Мухамад Алі ў 2006 г.
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution-Share Alike 2.0 Generic


Падчас нядаўняга візіту ў Ірляндыю былога баксёра Мухамада Алі, жыхары места Эніс уручылі яму г.зв. "свабоду горада". Гэта сярэдневяковы інстытут, які дае ягонаму ўладальніку пэўныя прывілеі, напрыклад права пасьвіць сваіх авечак на палях, што належаць гораду. Сёньня "свабода гораду" выкарыстоўваецца выключна як сымбалічны гонар.

Дык чаму ж тады Алі атрымаў гэты гонар менавіта ў Энісе? Справа ў тым, што ў гэтым месьце жыў прадзед Алі па лініі маці, ірляндзец Эйб Ґрэйды (Abe Grady). Ґрэйды эміґраваў у ЗША ў 1862 г. і там ажаніўся з прабабкаю Алі, вольнаю чорнаю жанчынаю. Маці Алі, Адэса Ґрэйды (Odessa Grady), нарадзілася ў 1917 г.

У Энісе 67-гадовы Алі сустрэў чатырох сваіх ірляндзкіх сваякоў. На цырымонію ўзнагароджаньня Алі прыйшлі "тысячы" людзей. Гэта быў першы выпадак уручэньня "свабоды горада" Энісам за апошнія 600 гадоў.

Статыстыка наведваньня блёґу (05.06 -- 04.09)

За апошні квартал (чэрвень-верасень) на гэты блёґ зайшоў 191 чытач (прыблізна 2 ў дзень) з Азіі, Паўднёвай Амэрыкі, Паўночнай Амэрыкі ды Эўропы.

Найвялікшая колькасьць чытачоў (33%) прыйшла сюды зь Беларусі. На другім мейсцы былі чытачы з Канады (23%), на трэцім -- з Турэччыны (20%) (hoş geldiniz!).

Найвялікшая крыніца наведвальнікаў блёґу -- сайт Blogger-a (42% чытачоў прыйшлі адтуль). Тыя, хто прыйшоў сюды праз Google найчасьцей шукалі 'чоудхуры наступная станцыя'.

З часу заснаваньня блёґу (г.зн. 5 сьнежня 2008 г.), сюды прыйшлі 663 чытачы (32% зь Беларусі, 26% з Канады, 14% з ЗША).

01 верасня 2009

Выбары могуць адбыцца сёлета


Майкл Ігнацьеў
Выява капірайту не падлягае


Лідэр Лібэральнай партыі Канады, Майкл Ігнацьеў, сёньня абвесьціў, што ягоная партыя ня будзе далей падтрымліваць цяперашні канадзкі ўрад у парлямэнце. Выступаючы на партыйным зьезьдзе ў Садбэры, Ігнацьеў сказаў у адрас прэмьер-міністра, "Сп. Гарпэр, Ваш час скончыўся."

Ігнацьеў абвінаваціў у нядаўняй эканамічнай крызы асабіста Стывэна Гарпэра, кажучы, што той прынёс Канадзе "найгоршы дэфіцыт у нашай гісторыі" ды "найгоршую адметку непрацоўя за апошнія два дзесяцігодзьдзі".

Па словах Ігнацьева,

Мы, як лібэралы, мусім даць канадцам выбар. Мы можам выбраць маленькую Канаду, зьменшаную, нізкую й дробную краіну. Гэта Канада Стывэна Гарпэра. Мы можам быць лепшымі за гэта. Мы можам быць найболей умнаю, здароваю, зялёнаю, працавітаю, адкрытаю краінаю ў сьвеце, але толькі, калі мы вырашым гэта зрабіць.
Зараз лібэралы зьбіраюцца вынесьці ўраду вотум недаверу ў гэтым месяцы альбо ў кастрычніку. Калі гэты вотум падтрымаюць астатнія апазыцыйныя партыі ў парлямэнце (Новая дэмакратычная партыя ды Квебецкі блёк), дык тады можна чакаць выбараў у лістападзе. Аднак, калі апазыцыя разьдзеліцца па гэтым пытаньні, нічога ў корані бадай ня зьменіцца.

Але вось калі адбудуцца новыя выбары, і калі ў іх перамогуць лібэралы, дык тады да ўлады ў Канадзе павінны прыйсьці нашчадак расейскіх дваранаў, Майкл Ігнацьеў.

31 жніўня 2009

Ольмэрт абвінавачаны ў карупцыі


Эгуд Ольмэрт у Сан-Паўлу (Бразылія) у 2005 г.
Фота: Антоніё Мілена
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution 2.5 Brazil


Пракуратура Ізраілю афіцыйна выдвінула абвінавачаньне ў трох актах карупцыі былому прэмьер-міністру краіны Эгуду Ольмэрту. Паводле абвінавачаньня, якое займае 61 старонку, Ольмэрт, будучы мэрам Ерусаліма ды міністрам, займаўся "махлярствам, злоўжываньнем даверам, рэґістрацыяй фальшывых карпаратыўных дакумэнтаў ды ўтойваньнем ашуканскіх даходаў."

Пакуль невядома, калі пройдзе суд над Ольмэртам.

27 жніўня 2009

Памёр сэнатар Кэнэдзі


Тэд Кэнэдзі (1932-2009)
Выява капірайту не падлягае


25 жніўня памёр "лібэральны леў", сэнатар-дэмакрат са штату Масачусэц, Эдўард Мор "Тэд" Кэнэдзі (Edward Moore "Ted" Kennedy). Ён праслужыў сэнатарам ажно з 1962 г.

Тэд быў наймалодшым ды апошнім з братоў Кэнэдзі. Толькі 11 жніўня памёрла ягоная сястра Юніс. Тэд Кэнэдзі пакінуў сястру Джын (апошняга прадстаўніка ягонага пакаленьня сямьі Кэнэдзі), удаву Вікторыю, дачку Кару, сыноў Эдўарда-малодшага ды Пэтрыка, а таксама чатыры ўнукі ды ўнучкі.

Падчас сваёй доўгай палітычнай кар'еры Кэнэдзі змагаўся за правы расавых, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, а таксама за права жанчын на аборты ды за роўнасьць паміж мужчынамі й жанчынамі.

Сэнатар Кэнэдзі ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі Барака Абамы і параўнаў яго са сваімі братамі Джонам ды Робэртам.

26 жніўня 2009

Членства ЭЗ даражае для Брытаніі

Членскія ўзносы, якія ўносіць Брытанія ў казну Эўразьвязу, павінны вырасьці ў наступным годзе на 60%, паводле Бі-бі-сі.

Брытанія перадасьць ЭЗ £6,4 мільярда (C$11,4 мільярда / Br 29,3 трыльёна) у год, што эквівалентна £260 (C$463 / Br 1.190.568) у год на кожную брытанскую сямью.

У 2004 г., брытанская гадавая кантрыбуцыя складала толькі £53 на сямью.

Паводле брытанскага ўраду, рост у брытанскіх узносах дапаможа новым усходнеэўрапейскім краінам-сябрам ЭЗ, "каб кожная частка Эўрапейскага зьвязу магла чакаць дабрабыту ў будучыні".

25 жніўня 2009

Да ўвагі філятэлістаў

22 кастрычніка павінны паступіць у продаж брытанскія паштовыя маркі, прысьвечаныя Алімпійскім ды Паралімпійскім гульням 2012 г., якія павінны адбыцца ў Лёндане.

24 жніўня 2009

Абама віншуе мусульман з рамаданам

Барак Абама павіншаваў амэрыканскіх і замежных мусульманаў з наступленьнем рамадана, мусульманскага месяца паста.



Вядома, галоўнаю мэтаю гэтай відэапрамовы было паляпшэньне зьнешнепалітычнага клімату ЗША. Аднак мусульманам усё-ткі прыемна чуць такі выраз павагі да сваёй веры ад амэрыканскага прэзыдэнта. Падыход Абамы зьяўляецца якасна новым і я ўпэўнены, што ён прынясе плён ягонай краіне.

Вось мой пераклад ягонай прамовы:

Ад імя амэрыканскага народу, у тым ліку мусульманскіх супольнасьцяў ва ўсіх 50 штатах, я хачу перадаць найлепшыя пажаданьні мусульманам у Амэрыцы і ва ўсім сьвеце. Рамадан карым [шчодрага рамадану – Р.Ч.]. Рамадан гэта той месяц, падчас якога, паводле веры мусульман, Бог паслаў Кур'ан прароку Мухамаду, пачынаючы з простага слова: ікра [чытай – Р.Ч.] Таму гэта час, калі мусульмане думаюць аб мудрасьці ды наказам, якія спадарожнічаюць зь вераю і аб адказнасьці, якую людзі нясуць адзін да аднаго, і да Бога.

Як многія людзі розных вер, якія пабачылі рамадан праз нашыя супольнасьці і нашы семьі, я ведаю, што гэта сьвяточны час: час, калі разам зьбіраюцца семьі і людзі дзеляцца ежай. Але я таксама ведаю, што рамадан гэта час моцнай набожнасьці ды ўдумлівасьці, час, калі мусульмане трымаюць пост падчас дня і выконваюць малітвы тараўіх [адмысловая штодзённая малітва, якае займае прыблізна гадзіну – Р.Ч.] уначы, чытаючы й слухаючы весь Кур'ан за гэты месяц. Гэтыя рытуалы нагадваюць нам аб прынцыпах, якія мы падзяляем, і ролю іслама ў прасоўваньні справядлівасьці, праѓрэсу, талеранцыі і годнасьці ўсіх людзей. Напрыклад, пост гэта паняцьце, якое падзяляюць многія веры, у тым ліку мая собская хрысьціянская вера, як шлях набліжэньня людзей да Бога, і да тых сярод нас, хто ня ўпэўнены ў тым, што здолее хутка паесьці. І падтрымка, якую мусульмане даюць іншым нагадвае нам аб нашым абавязку прасоўвываць магчымасьці ды дабрабыт для людзей паўсюль. Бо мы ўсе павінны памятаць, што сьвет, які мы хочам пабудаваць і перамены, якія мы хочам зьдзейсніць, павінны пачацца ў нашых собскіх сэрцах і нашых собскіх супольнасьцях.

Гэтым летам, людзі ва ўсёй Амэрыцы адслужылі ў сваіх супольнасьцях, адукуючы дзяцей, дапамагаючы хворым, і прапануючы руку дапамогі тым, хто праходзіць праз цяжкі час. Арѓанізацыі, заснаваныя на веры, у тым ліку шматлікія ісламскія арѓанізацыі, стаялі наперадзе ўдзелу ў гэтым леце службы. І ў гэтыя цяжкія часы гэта зьяўляецца духам абавязку, які мы мусім падтрымаць у наступныя месяцы ды гады.

За амэрыканскімі межамі мы таксама адданыя выконваньню свайго абавязку пабудаваць сьвет, які будзе больш мірным і бясьпечным. Таму мы з адказнасьцю кладзем канец вайне ў Іраку. Таму мы ізалюем ваяўнічых экстрэмістаў і адначасова ўпаўнаважваем народ у такіх мейсцах, як Афганістан ды Пакістан. І таму мы моцна й актыўна падтрымліваем дзьвухдзяржаўнае рашэньне, якое прызнае правы ізраільцянаў і палестынцаў на мірнае ды бясьпечнае жыцьцё. І таму таксама Амэрыка заўсёды будзе абараняць усеагульнае права ўсіх людзей выказваць свае думкі, практыкаваць сваю рэліѓію, удзельнічаць у поўным сэнсе слова ў сваім грамадзтве і быць упэўненымі ў верхавенстве закону.

Усе гэтыя спробы зьяўляюцца часткаю абязацельства Амэрыкі весьці дыялёѓ з мусульманамі й нацыямі з мусульманскімі большасьцямі на базе ўзаемных інтарэсаў і ўзаемнай павагі. І ў гэты час аднаўленьня я хачу паўтарыць сваё абязацельства стварыць новы пачатак паміж Амэрыкаю й мусульманамі ва ўсім сьвеце. Як я сказаў у Каіры, гэты новы пачатак мусіць пацьвярджацца працягнутымі спробамі вучыцца адзін ад аднаго, паважаць адзін аднаго і шукаць судакрананьня. Я веру, што важнаю часткаю гэтага зьяўляецца слуханьне і падчас двух апошніх месяцаў амэрыканскія амбасады ва ўсім сьвеце працягнулі рукі ня толькі ўрадам, але напрамую людзям у краінах з мусульманскаю большасьцю. І з усяго сьвета мы атрымалі адказы наконт таго, як Амэрыка можа быць партнэрам дзеля зьдзяйсьненьня народных жаданьняў. Мы прыслухаліся. І, як і вы, нашым фокусам зьяўляецца рэялізацыя канкрэтных дзеяньняў, якія зробяць розьніцу з працягам часу, як у справах, якія я зараз абмяркаваў і якія знаходзяцца ў галінах бясьпекі ды палітыкі, гэтак і ў сфэрах, якія, паводле вашых словаў, зробяць найвялікую розьніцу ў жыцьцях людзей. Гэтыя кансультацыі дапамагаюць нам прывесьці да жыцьця партнэрствы, да якіх я заклікаў у Каіры: пашырыць праѓрамы па адукацыйным абмене, дапамагаць прадпрымальніцтву й ствараць працоўныя мейсцы, а таксама павялічыць калябарацыю ў галінах навукі ды тэхналёѓіі, падтрымліваючы тым часам пісьменнасьць і тэхнічную адукацыю. Мы таксама рушымся наперад у нашых партнэрствах з АІК [Арѓанізацыяй ісламскай канфэрэнцыі – Р.Ч.] і дзяржавамі-удзельніцамі АІК з мэтай эрадыкацыі поліямэліту, таксама ведучы цесную супрацу з міжнароднаю супольнасьцю, каб процістаяць агульным праблемам здароўя, такім, як H1N1, якое, як я ведаю, асабліва непакоіць шматлікіх мусульманаў, якія рыхтуюцца да хаджа [паломніцтва ў Мэку й іншыя мусульманскія сьвятыні – Р.Ч.]. Мэтаю ўсіх гэтых спроб зьяўляецца прасоўваньне нашых агульных імкненьняў: жыць мірна й бясьпечна, атрымаць адукацыю й працаваць з годнасьцю, любіць нашыя семьі, нашыя супольнасьці й нашую веру.

Будзе патрабавацца час ды цярплівая праца. Мы ня можам памяняць рэчы за адзін дзень. Але мы можам шчыра вырашыць зрабіць тое, што павінна быць зробленым, ідучы ў той жа час у новым накірунку, у бок пункту прызначэньня, які мы шукаем для сябе й для сваіх дзяцей. Гэта тое падарожжа, якое мы мусім выканаць разам. Я вельмі хачу працягнуць гэты дыялёѓ і ператварыць яго ў дзеяньні. І сёньня я хачу пажадаць мусульманам ва ўсёй Амэрыцы і ва ўсім сьвеце, у той час, калі вы вітаеце пачатак рамадану, бласлаўлёнага месяца. Боскага вам міру.

23 жніўня 2009

Рамадан мубарак!


Рамаданскія ліхтары ў Каіры (Эгіпет)
Фота: Бэрнадэт Сымпсан
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution 3.0 Unported


Віншую ўсіх сваіх чытачоў з пачаткам сьвяшчэннага ісламскага месяца рамадана. Падчас рамадана кожны дарослы й здаровы мусульманін павінны трымаць пост ад зары да зары. Гэта ўключае поўную адмову ад ежы і напояў, у тым ліку вады, падчас дзённых гадзін. Мэта пасту -- узмацаваць веру ў Бога й сувязь зь Ім. Па сваім вопыце ведаю: чалавек, галодны на працягу дня, пачынае разумець, адкуль у яго сапраўды бярэцца ежа й каму ён мусіць быць удзячным за сваё жыцьцё.

Жадаю ўсім братам-мусульманам і сястрам-мусульманкам добрага рамадану. Хай Пан Бог (Аллаг) блаславіць вас і прыме вашыя добрыя дзеяньні.

26 ліпеня 2009

Абама супраць расізму: хто пераможа?


Расізм -- пытаньне чорна-белае?
Мастак: Ганс Пізэль
Выява знаходзіцца ў грамадзкай уласнасьці


Барак Абама прынёс публічныя прабачэньні паліцыянту, якога ён абвінаваціў у мінулую сераду ў расізме.

Усё пачалося з таго, што да сябе дамоў вярнуўся прафэсар афра-амэрыканазнаўства Гарвардзкага ўнівэрсітэту афра-амэрыканец Гэнры Луіс Ґейц-малодшы (Henry Louis Gates, Jr.). Дзьверы былі зачыненыя на замок, а ў Ґейца не аказалася ключа, і ён быў вымушаны зламаць замок. Усё гэта ўбачыла суседка, якая, не пазнаўшы свайго суседа Ґейца, адразу патэлефанавала па нумары 911.

Хутка прыехала паліцыя места Кеймбрыдж (штат Масачусэц). Сэржант паліцыі па імені Джэймз Краўлі (James Crowley) зайшоў у дом Ґейца і спытаў у яго, хто ён такі. На гэта Ґейц адказаў, што ён -- гаспадар дома і паказаў паліцыянту дакумэнты. Сэржант Краўлі засумняваўся ў сапраўднасьці дакумэнтаў прафэсара і ў выніку Ґейц назваў Краўлі расістам. За такія словы Краўлі арыштаваў Ґейца, абвінаваціўшы яго ў хуліґанстве (disorderly conduct). Гэтае абвінавачаньне потым было скасаванае.

Выступаючы на гэтую тэму падчас прэс-канфэрэнцыі 22 ліпеня, Прэзыдэнт Абама назваў дзеяньні кэймбрыджскай паліцыі "глупымі" і нагадаў, што ў ЗША даўно існуе праблема недаверу паліцыянтаў да амэрыканцаў афрыканскага і лацінаамэрыканскага паходжаньня. Аднак услед за гэтым паднялася хваля крытыкі ў адрас Абамы, асабліва ад рэспубліканцаў, якія заўсёды стаяць гарою за паліцыю ды ўзброеныя сілы. У дапаўненьне трэба адзначыць, што ЗША гэта адна з тых нешматлікіх краін, дзе сярэдні грамадзянін сапраўды паважае паліцыю і паліцыянтаў. Таму словы Абамы аказаліся непапулярнымі.

Тут Абама разьвярнуўся і сказаў, што вінаваты ў гэтай сытуацыі быў ня толькі сэржант Краўлі але й сам Ґейц, і што яму, Абаму, ня трэба было выкарыстоўваць слова "глупы" у адрас паліцыі. Выбачыўшыся перад Краўлі ды кеймбрыджскаю паліцыяй, Абама дадаў, што такія пытаньні лепш за ўсё вырашаюцца за півам, і запрасіў абодвух галоўных пэрсанажаў драмы да сябе ў Белы дом. Паводле ґазэты "Boston Globe", яны зьбяруцца на піва з Абамам 30-га а шостай.

Відавочна, што абраўшы афраамэрыканскага прэзыдэнта Амэрыка не пазбавілася расізму. Адна вячэра з удзелам чорнага прэзыдэнта, чорнага прафэсара-ахвяру й белага паліцыянта (ґазэта "Minneapolis-St. Paul Star-Tribune" прапануе называць яго "сінім" па колеры ягонай уніформы) таксама наўрад ці вырашыць гэтую праблему, адну із самых глыбокіх у амэрыканскім грамадзтве. Аднак, магчыма што зараз белыя паліцыянты будуць крыху больш паважліва ставіцца да афра-амэрыканцаў, каб не апынуцца сярод "глупых" і каб ня піць потым піва з абражанымі. І гэта ўжо праґрэс.

22 ліпеня 2009

Мая магілёўская прамова ў "Eurozine"-е

Тэкст прамовы, зь якою я выступіў у магілёўскім "Коле сяброў" 11 чэрвеня, передрукаваны ў ангельскім перакладзе ў сеціўным часопісе "Eurozine".

21 ліпеня 2009

Адкуль я? Ну, адкуль?

Турэччына гэта адна з такіх краін, дзе шмат людзей фізічна падобныя на мяне. На Беларусі я здаюся цемнаскурым і людзі зьдзіўляюцца, дазнаўшыся, што я -- беларус (ня так, як вось тут, але ўсё роўна навіна для іх нечаканая).

У Банґлядэш -- наадварот, я амаль бялявы, і таму там таксама некаторыя пытаюцца, адкуль я. У Кувейце мяне ня раз віталі ў крамах пытаньнямі накшталт "Гіндзі? Бакстані? Філібіні?" (Індыец? Пакістанец? Філіпінец?).

А ў Турэччыне збольшага не пытаюцца, бо у выніку зьмяшэньне бэнґальскіх ґенаў зь беларускімі я падобны на адзін з тыпаў тутэйшага насельніцтва. Аднак, калі я йду кудысьці разам зь Кейці, тады ўсім робіцца цікава, адкуль мы. Але бывае, што, замест таго, каб запытацца, робяць свае здагадкі.

Вось аднойчы йдзем мы па Divanyolu Caddesi, а адзін са шматлікіх афіцыянтаў, якія там зазываюць публіку ў свае рэстарацыі, кажа нам, "Извините!"

"Нет, спасибо," адказваю.

А ён настойвае: "Пожалуйста!" Значыць выснова -- Кейці, відаць, расейка, а я буду таксама хтосьці з былога СССР. Няблага, толькі вось зь Кейці памылка атрымалася.

А вось сёньня зайшлі мы ў Эґіпецкі базар, і адзін прадавач у мяне пытаецца, "Siz Türk müsünüz?" (Ці турак Вы?). Прыемна, калі за свайго прымаюць. А іншы кажа нам, "Шалом, шалом!" Так, хлопец цёмны, дзяўчына бялявая, адкуль яны абодва могуць быць адначасова? Вядома, зь Ізраіля!

Ну а потым вяртаюся я адзін дадому з архіву, а мне насустрач ідзе нехта (відаць, турак), і кажа, "Pakistan, Indian, how are you?" І ідзе далей, слухаючы сваю музыку.

19 ліпеня 2009

З Днём Мандэлы!

18 ліпеня, у дзень нараджэньня Нэлсана Мандэлы, прайшоў першы Дзень Мандэлы. Гэта штосьці накшталт глябальнага суботніка: Фонд Нэлсана Мандэлы заклікаў усіх жыхароў сьвету правесьці 67 хвілін свайго часу ў добраахвотных дзеяньнях дзеля іншых. Чаму менавіта 67? Таму, што прайшло 67 гадоў, як Мандэла пачаў змагацца з тагачасным апартэідным паўднёваафрыканскім рэжымам.

Падтрымку Дню Мандэлы выказалі ААН ды Рух недалучэньня.

У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы "тысячы" чалавек адгукнуліся на гэтую йніцыятыву. Напрыклад, у месьце Матласана (Паўночна-Заходняя правінцыя), група бізнэсоўцаў і грамадзкіх лідэраў пачысьціла 15 дамоў для інвалідаў.

Тым часам, сам Мандэла, якому споўніўся 91 год, адзначыў народзіны дома, разам зь сямьёю ды сябрамі (фоткі тут). А ў Нью-Ёрку прайшоў канцэрт у гонар Мандэлы з удзелам, сярод іншых, Карлы Бруні-Сарказі.

Аднак Элэнар Бэстэр, заснавальніца дзіцячага дому "Райскае гняздо", што ў Кэйптаўне, кажа, што "67 хвілін у год ніколі ня будзе дастаткова". І праўда: хай гэтыя 67 хвілін будуць толькі пачаткам.

17 ліпеня 2009

Ля Басфора


Стамбул і Басфор зь Міжнароднай касьмічнай станцыі, 2004. Горад выглядае чырвоным, відаць па прычыне сваіх прыгожых чырвоных дахаў.
Фота: NASA (Astronaut photograph ISS008-E-21752)
Фатаграфіі, зробленыя NASA, звычайна непадлеглыя капірайту.


Ад мора ў душы робіцца шырока.
Хай само мора й вузкае.
Хай адваротны бераг відаць, як на далоні.
Затое тут столькі вады,
сколькі за ўсё тваё жыцьцё
на цябе ня падала зь нябёсаў.

Уяві сабе:
сідзіш ты ля Дняпра.
Сёньня ён шырокі:
нядаўна прайшоў шчодры дождж.
Вада цячэ,
Кропля за кропляй,
Хваля за хваляй,
На поўдзень.

Вось тая самая вада ўжо ў Чорным Моры.
Куды ўжо далей ісьці?
Але адна зь яе кропляў плыве,
скоча,
прыгае далей.
Ёй трэба дазнацца, што там.
За гарызонтам.

І вось яна тут. У Басфоры.
Перада мною.

Толькі яе голас цяжка пачуць
Сярод усіх іншых.
Вада тут адаўсюль.
Як і караблі, што лагодна праплываюць.

Аказваецца, я -- цэнтрыст


Паводле "Найменшага палітычнага тэсту ў сьвеце", я зьяўляюся цэнтрыстам. А вы?

15 ліпеня 2009

Стамбульскія каты


Фота: Мікі
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution 2.0


Некалькі дзён таму я выйшаў на вуліцу з нашага будынку каб кінуць сьмецье ў сьметніцу. І што вы думаеце? Ля сьметніцы вячэрілі, па маім падліку, 11 катоў. Прычым ня брудных, хворых і хударлявых, а здаровых і, здаецца, шчасьлівых. Заглянуў я ў саму сьметніцу, а там яшчэ адзін кот. :)

Увогуле, у Стамбуле каты ўсюдых. Відаць не аднім сьмецьцем жывуць, напэўна іх людзі таксама кормяць. Людзей яны збольшага не баяцца; бачыў я аднаго ў старым горадзе які нават трамвая не баяўся. Пастаяў ён у некалькі сантымэтрах ад прахадзячага трамвая, уперадзе ўсіх людзей, а потым, як трамвай прайшоў, пабег сабе цераз вуліцу.

Дарэчы, тут вы можаце знайсьці фоткі сьпячых стамбульскіх катоў. А пра сабак, якія не даюць спаць, чытайце тут.

===

Зараз слухаю: "Güle yel değdi" у выкананьні Taksim Trio.

10 ліпеня 2009

Рэлігія нас яднае ці разьдзяляе?


Злева направа: Пастар Сэмьюэл Кінґ-Кабу, я і Рабін Элан Брайт
Фота: Сэрж Брасо

Пры перадрукоўцы просьба ўзгадваць імя фатографа.

Нядаўна, падчас крыху гарачай дыскусіі ў сеціве, адзін з маіх сяброў сказаў, што арґанізаваная рэлігія зьяўляецца злом, бо яна для таго й створаная, каб разьдзяляць людзей. Я думаю, што большасьць тых, хто належыць да той ці іншай рэлігіі скажа: "Няпраўда! Ніяк не!" Аднак, баюся, што некаторыя вернікі скажуць, "Мая рэлігія ставіцца да ўсіх паважліва, а вось іншыя..." Вось у гэтым, напэўна, і ляжыць праблема.

Усе мае сябры добра ведаюць, што я зьяўляюся веруючым мусульманінам, але гэта не замінае мне сябраваць з хрысьціянамі (каталікамі, пратэстантамі й праваслаўнымі), юдэямі, гінду, аґностыкамі ды атэістамі, у дапаўненьне да мусульманаў (сунітаў, як я, а таксама шыітаў розных плыняў). Розьніца ў рэлігіі звычайна не перашкаджае ўзаемаразуменьню з маімі сябрамі; наадварот, яна стварае цікавыя тэмы для размоў і думак.

Як па мне, дык не рэлігія разьдзяляе людзей, а адсутнасьць жаданьня паслухаць іншага і паспрабаваць зразумець яго. На такую адсутнасьць можа захварэць прыхільнік любой рэлігіі, так жа, як і чалавек, які ня мае ніякага дачыненьня да ніякай рэлігіі. Таму змагацца трэба не з рэлігіяй, а з невуцтвам і фанатызмам.

У спробе паўдзельнічаць у гэтым змаганьні, сёлета 30 сакавіка мы арґанізавалі круглы стол з маімі сябрамі, лютэранскім пастарам з Ґаны Сэмьюэлам Кінґам-Кабу й кансэрватыўным рабінам з Брытаніі Эланам Брайтам у манрэальскай Кірсе сьв. Ансґара, дзе сьвятаром працуе Пастар Сэмьюэл. Тэмай вечара быў Аўраам (мір яму!), які паводле юдэяў і хрысьціян, вядома, зьяўляецца патрыярхам, а паводле мусульман -- прарокам. На сустрэчу прыйшлі чалавек 25 розных рэлігій, у асноўным хрысьціяне (ня дзіва -- горад пераважна хрысьціянскі). Мы пагаварылі аб ролі гэтай вялікай постаці ў нашых трох рэлігіях і аб тым, як мы можам сёньня, у якасьці юдэяў, хрысьціян і мусульман, ісьці па ягоных сьлядах.

Думаю, што за гэты вечар мы ўсе дазналіся аб шмат новым. Акрамя таго, каб набрацца натхненьня ад нашай агульнай веры ў Бога й пашаны да Аўраама (мір яму!), мы таксама бліжэй пазнаёміліся з нашымі суседзямі, якія сьледуюць іншым рэлігіям і маюць іншыя погляды. Адна датчанка, прыхаджанка кірхі, якая прысутнічала на дыскусіі, сказала, што зараз яна лепш разумее мусульман, і таксама разумее, што яны не такія "іншыя", як іх малююць. Гэта пасьля ўсяго толькі гадзіны-другой сяброўскай размовы.

Вось што нам трэба, і чаго нам у гэтым сьвеце не хапае. Сесьці, пагутарыць, зразумець чалавечнасьць людзей вакол нас. І тады, як бы нас не пужалі у ґазэтах і па тэлебачаньні малюнкамі у дзьвюх вымярэньнях, сколькі б нам не казалі, што ўсе юдэі -- хітрыя акупанты, а ўсе мусульмане -- злыя тэрарысты, мы, дай Бог, будзем ведаць, што рэальнасьць гэта рэч больш складаная. І ў гэтым рэлігія, нават арґанізаваная, можа моцна дапамагчы.

09 ліпеня 2009

Хто найбольш шчасьлівы ў сьвеце?


Квітнеючая Коста-Рыка абвешчаная найшчасьлівейшаю краінаю ў сьвеце
Фота: Джон Ролінсан
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution 2.0

Фонд новай экономікі, які знаходзіцца ў Лёндане, нядаўна апублікаваў свой чарговы Індэкс (не)шчасьлівай плянэты, які можна смапмаваць тут. Што для Фонду значыць шчасьце? Гэта "адносная эфэктыўнасьць зь якой нацыі ператвараюць натуральныя рэсурсы плянэты ў доўгае й шчасьлівае жыцьцё для сваіх грамадзян". Падчас падліку бяруцца ва ўвагу працягласьць жыцьця, задавальненьне жыцьцём і экаляґічны адбітак жыхароў краіны.

Дык хто ж тады найболей шчасьлівы? Жыхары Коста-Рыкі! Што робіць іх такімі шчасьлівымі? Іх задавальненьне жыцьцём складае 8,5 балаў з магчымых 10; яны жывуць у сярэднім прыблізна 79 гадоў; іх экаляґічны адбітак складае 2,3 "ґлябяльныя гэктары", г.зн. колькасьць гэктараў, з чыёй гадавой прадукцыі жыве адзін жыхар краіны. Калі гэты паказчык вышэй за 2,1, дык гэта азначае, што жыхары дадзенай краіны жывуць за кошт іншых. Калі ніжэй, значыць, што яны маглі б патрабляць нават болей і не прыносіць пры тым шкоды Зямлі. У Коста-Рыцы, як бачым, гэты паказчык вышэй, чым 2,1, але на кроплю.

У першай дзясятцы шчасьлівых краін, акрамя Коста-Рыкі, знаходзяцца Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Гуатэмала, Віетнам, Калюмбія, Куба, Сальвадор, Бразылія ды Гандурас (цікава, пасьля нядаўніх палітычных падзей жыхары Гандурасу сталі шчасьлівейшымі, ці менш шчасьлівымі?). Камуністы ўсіх краін напэўна будуць вітаць прысутнасьць Віетнаму ды Кубы ў сьпісе дзесяці лідэраў. А ўвогуле лацінаамэрыканцам ёсьць чым ганарыцца.

Сярод мусульманскіх краін на першым мейсцы стаіць Эгіпет, які займае 12-е мейсца ў сьвеце.

На яком жа тады мейсцы Беларусь? Аказваецца на 104-м! На Беларусі сярэднее задавальненьне жыцьцём толькі 5,8 з 10; працягласьць жыцьця 69 гадоў; а экаляґічны адбітак сярэдняга беларуса складае 3,9 га., што значна вышэй за норму 2,1 га. і значыць, што беларусы жывуць за кошт іншых, бяднейшых краін сьвету.

Затое ў Беларусі ў індэксе заможныя суседзі: на 103-м мейсцы Новая Зэляндыя, а на 105-м -- Данія. Чаму гэтыя дьве краіны займаюць такія благія мейсцы? Галоўная прычына ў тым, што яны жывуць амаль цалкам за кошт іншых: сярэдні навазэляндзец карыстаецца 7,7 га. замест дазволеных 2,1. Прынцып гэтага індэксу просты: жыць годна, не руйнуючы пры гэтым навакольнае асяродзьдзе. Годна жыць у Новай Зэляндыі ды Даніі напэўна ўмеюць, а вось над сваімі спажывецкімі звычкамі ім трэба папрацаваць.

Ну а дзе тады знаходзяцца рэальныя суседзі Беларусі? Польшча на 77-м мейсцы, Летува на 86-м, Украіна на 95-м, Латвія на 101-м, Расея на 108-м.

Турэччына, дзе я знаходжуся зараз -- на 83-м мейсцы. Іншыя краіны, дзе я жыў:

Банґлядэш на 31-м мейсцы. Чаму так добра? Задавальненьне жыцьцём у Банґлядэш, на жаль, скдадае толькі 5,3 з 10. Тамтэйшая працягласьць жыцьця 63 гады. Затое экаляґічны адбітак сярэднестатыстычнага банґлядэшца -- толькі 0,6 га.

Тым часам Канада на 89-м мейсцы, Чэхія на 92-м, ЗША аж на 114-м (на 10 радкоў ніжэй Беларусі), а Кувейт на 128-м мейсцы.

Самая нешчасьлівая краіна з усіх у індэксе -- Зымбабвэ, якое знаходзіцца на 143-м мейсцы.

08 ліпеня 2009

Уражаньні ад Беларусі


Вось такія краявіды вельмі спадабаліся Кейці
Фота: Алекс Зяленка, 2005.
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution ShareAlike 2.5


У траўні-чэрвені мы з Кейці пабывалі на Беларусі, я праз амаль дзевяць гадоў, а яна ўпершыню. Ейныя ўражаньні чытайце тут. Было цікава пабачыць сваю радзіму вачамі роднага чалавека з іншай краіны. Найбольш маёй жонцы спадабалася беларуская прырода, найменш -- саўковая архітэктура, якую беларусы працягваюць будаваць, нібы запраграмаваныя.

Мы пабывалі ў маім родным Менску, у Магілёве, дзе жыве большасьць маіх беларускіх сваякоў, у вёсцы Белай у Дрыбінскім раёне, у Горадні, у Берасьці, у Белавескай Пушчы, у Міры. Правялі шмат часу са сваякамі (некаторых зь іх я ня бачыў ці не 20 гадоў), з сябрамі. У Горадні, Белавескай Пушчы, Міры ды Белай я быў упершыню. Горадня нам абодвум вельмі спадабалася сваёй архітэктурай і сваімі прыгожымі касьцёламі, у якіх пануе адчуваньне спакою. Белавеская Пушча, вядома, мейсца цудоўнае. Белая таксама цікавае мейсца, бо там можна пабачыць як працуе населены пункт, створаны для чарнобыльксіх перасяленцаў.

У Міры мы, на жаль, не патрапілі ў замак па прычыне натоўпу турыстаў якія, як і мы, вырашылі прыехаць туды ў суботу. Затое мы зайшлі ў вельмі добра арганізаваны мясцовы музэй, дзе за паўгадзіны дазналіся шмат чаго аб гісторыі мястэчка і ягоных габрэйскіх і татарскіх меншасьцях. Брава адзінаму супрацоўніку гэтага цудоўнага музэю: без перабольшваньня, гэта найцікавейшы музэй, дзе я бываў на Беларусі, бо гісторыя ў ім здаецца жывою.

Схадзілі ў мячэт у Менску: што цікава, будучы беларускім мусульманінам, я ўпершыню пабываў у беларускім мячэце, бо калі я быў на Беларусі ў апошні раз, у 2000 г., менскага мячэту яшчэ не было. Ён усё яшчэ будуецца, але пры тым, што будуецца ёсьць часовае памяшканьне, дзе праходзяць малітвы і якое ўнутры зьяўляецца хоць і маленькім, але ўтульным і прыгожым мячэтам. Што было асабліва прыемна бачыць, дык гэта колькасьць беларусаў, якія прынялі іслам. Калі хто цікавіцца мячэтам, ён знаходзіцца на вул. Ігнаценкі, што ля пр. Пераможцаў.

Вельмі было прыемна пабываць на Беларусі, але адна рэч рэзала вока: ізаляванасьць ад вонкавага сьвету. Калі я перакладваў для Кейці на ангельскую мэню ў рэстарацыі ці што іншае, на яе глядзелі, як на нешта сапраўды дзіўнае. Як гэта, маўляў, сюды трапіла дзяўчына адтуль, з Захаду? Увогуле, за амаль месяц мы пачулі ангельскую мову мабыць чатыры разы і нямецкую аднойчы. Можна некалькі дзён хадзіць па вуліцах і ня ўбачыць чалавека іншай расы. Турысты з-за мяжы калі й ёсьць дык, відаць, у асноўным з Расеі. Выехалі мы на пару дзён у Вільню, і аж дыхаць стала вальней: зноў Захад.

Я не таму гэта кажу, што сабе адчуваю такім уж заходнім (хоць па мэнталітэце я, напэўна, і ёсьць больш заходнім, чым усходнеславянскім). Я таму, што там дзе я жыву (у Манрэалі), ці там, дзе я жыў раней (у Вашынґтоне), ці яшчэ раней (у мястэчку Ґрынэл у Аёве), ці яшчэ раней (у Кувейце), альбо там, дзе я знаходжуся зараз (у Стамбуле) усюдых відаць людзей з усіх канцоў сьвету, усіх колераў скуры, якія гавораць на самых розных мовах. У Менску гэта, дай Бог, таксама калі-небудзь будзе, але пакуль Беларусь да гэтага не гатовая.

Ну прыедуць тысячы ангельцаў, каб выпіць, ці немцаў, каб схадзіць на футбол, ці можа (можа й такое будзе) хто-небудзь зацікавіцца нашай гісторыяй і прыедзе глядзець на нашыя замкі й старажытныя мястэчкі, альбо на нашу прыроду. І што іх чакае? Пэрсанал у сфэры паслуг, які ня ведае ангельскай (куды там ангельская, нават на зварот па-беларуску адказвае па-расейску), і не ўсьміхаецца пакупнікам. Гатэлі, дзе, нягледзячы на тры (!) зоркі, мужу й жонцы немагчыма паспаць у нумары з аднім вялікім ложкам замест двух мініяцюрных. Гарады без мапаў у грамадзкіх мейсцах, брудныя (жахлівыя) грамадзкія туалеты, адсутнасьць надпісаў на лацінцы ў грамадзкім транспарце й на шашах. Недастаткова адмяняць візавы рэжым; трэба ў першую чаргу скасаваць савок.

Аднак аб станоўчым. Мала дзе ў сьвеце знойдзеш такіх шчодрых, такіх адкрытых людзей, як на Беларусі. Нават прадавачка можа й не ўсміхнецца, але шчыра скажа, "На здоровье". Іншаземец не зразумее, але мне ў сэрцы робіцца цёпла. "У высоких берёз своё сердце согреть..." Цёплыя людзі і чароўныя, дрымучыя лясы: вось чаму мяне заўсёды цягне вярнуцца на Беларусь.

Статыстыка наведваньня блёґу (05.03 -- 04.06)

За апошні квартал (сакавік-чэрвень) на гэты блёґ зайшлі 236 чытачоў (прыблізна 3 ў дзень) з кожнага населенага кантынэнту акрамя Афрыкі.

Найвялікшая колькасьць чытачоў (29%) прыйшла сюды зь Беларусі. На другім мейсцы былі чытачы з Канады (28%), на трэцім -- з ЗША (16%).

Найвялікшая крыніца наведвальнікаў блёґу -- сайт Blogger-a (40% чытачоў прыйшлі адтуль). Тыя, хто прыйшоў сюды праз Google найчасьцей шукалі альбо 'плакс + трыццаць тэкстаў' (?), альбо 'рашэд чоудхуры'.

З часу заснаваньня блёґу, сюды прыйшлі 472 чытачы (31% зь Беларусі, 28% з Канады, 18% з ЗША).