Showing posts with label Аўраам (мір яму). Show all posts
Showing posts with label Аўраам (мір яму). Show all posts

10 ліпеня 2009

Рэлігія нас яднае ці разьдзяляе?


Злева направа: Пастар Сэмьюэл Кінґ-Кабу, я і Рабін Элан Брайт
Фота: Сэрж Брасо

Пры перадрукоўцы просьба ўзгадваць імя фатографа.

Нядаўна, падчас крыху гарачай дыскусіі ў сеціве, адзін з маіх сяброў сказаў, што арґанізаваная рэлігія зьяўляецца злом, бо яна для таго й створаная, каб разьдзяляць людзей. Я думаю, што большасьць тых, хто належыць да той ці іншай рэлігіі скажа: "Няпраўда! Ніяк не!" Аднак, баюся, што некаторыя вернікі скажуць, "Мая рэлігія ставіцца да ўсіх паважліва, а вось іншыя..." Вось у гэтым, напэўна, і ляжыць праблема.

Усе мае сябры добра ведаюць, што я зьяўляюся веруючым мусульманінам, але гэта не замінае мне сябраваць з хрысьціянамі (каталікамі, пратэстантамі й праваслаўнымі), юдэямі, гінду, аґностыкамі ды атэістамі, у дапаўненьне да мусульманаў (сунітаў, як я, а таксама шыітаў розных плыняў). Розьніца ў рэлігіі звычайна не перашкаджае ўзаемаразуменьню з маімі сябрамі; наадварот, яна стварае цікавыя тэмы для размоў і думак.

Як па мне, дык не рэлігія разьдзяляе людзей, а адсутнасьць жаданьня паслухаць іншага і паспрабаваць зразумець яго. На такую адсутнасьць можа захварэць прыхільнік любой рэлігіі, так жа, як і чалавек, які ня мае ніякага дачыненьня да ніякай рэлігіі. Таму змагацца трэба не з рэлігіяй, а з невуцтвам і фанатызмам.

У спробе паўдзельнічаць у гэтым змаганьні, сёлета 30 сакавіка мы арґанізавалі круглы стол з маімі сябрамі, лютэранскім пастарам з Ґаны Сэмьюэлам Кінґам-Кабу й кансэрватыўным рабінам з Брытаніі Эланам Брайтам у манрэальскай Кірсе сьв. Ансґара, дзе сьвятаром працуе Пастар Сэмьюэл. Тэмай вечара быў Аўраам (мір яму!), які паводле юдэяў і хрысьціян, вядома, зьяўляецца патрыярхам, а паводле мусульман -- прарокам. На сустрэчу прыйшлі чалавек 25 розных рэлігій, у асноўным хрысьціяне (ня дзіва -- горад пераважна хрысьціянскі). Мы пагаварылі аб ролі гэтай вялікай постаці ў нашых трох рэлігіях і аб тым, як мы можам сёньня, у якасьці юдэяў, хрысьціян і мусульман, ісьці па ягоных сьлядах.

Думаю, што за гэты вечар мы ўсе дазналіся аб шмат новым. Акрамя таго, каб набрацца натхненьня ад нашай агульнай веры ў Бога й пашаны да Аўраама (мір яму!), мы таксама бліжэй пазнаёміліся з нашымі суседзямі, якія сьледуюць іншым рэлігіям і маюць іншыя погляды. Адна датчанка, прыхаджанка кірхі, якая прысутнічала на дыскусіі, сказала, што зараз яна лепш разумее мусульман, і таксама разумее, што яны не такія "іншыя", як іх малююць. Гэта пасьля ўсяго толькі гадзіны-другой сяброўскай размовы.

Вось што нам трэба, і чаго нам у гэтым сьвеце не хапае. Сесьці, пагутарыць, зразумець чалавечнасьць людзей вакол нас. І тады, як бы нас не пужалі у ґазэтах і па тэлебачаньні малюнкамі у дзьвюх вымярэньнях, сколькі б нам не казалі, што ўсе юдэі -- хітрыя акупанты, а ўсе мусульмане -- злыя тэрарысты, мы, дай Бог, будзем ведаць, што рэальнасьць гэта рэч больш складаная. І ў гэтым рэлігія, нават арґанізаваная, можа моцна дапамагчы.

10 снежня 2008

Ід мубарак!


Святкаваньне Байраму ў самалійскім мячэце, 2006 г.
Фота: RoboRanks
Ліцэнзыя:
GNU Free Documentation License

Віншую ўсіх сваіх чытачоў, як мусульманаў, так і не, з нагоды Курбан-Байрама! Гэтае сьвята нагадвае мусульманам аб тым дні, калі Прарок Аўраам (па-арабску Ібрагім) (мір яму!) паказаў сваю гатоўнасьць ахвяраваць свайго сына Богу, і ягоны сын (мір яму!) у той жа час паказаў пакорнасьць боскаму загаду. Бог хацеў ад іх не крыві чалавечай, а набожнасьці. Таму Ён прыслаў Аўрааму барана, які й быў ахваравяны шчасьлівым бацькам. Дай нам Божа мудрасьці навучыцца такой жа паслухмянасьці Тваім загадам. Бо
Кто лучше исповедует религию, чем тот,
Кто предал лик свой Богу,
Добро творит благочестиво,
И следует путем ханифа Ибрахима!
Поистине, Господь взял другом Ибрахима!
(Кур'ан, 4:125. Інтэрпрэтацыя Іман Валерыі Порахавай)
Мы з Кейці й мамаю адсвяткавалі Курбан-Байрам (па-арабску Ід аль-Адха) разам зь сябрамі й знаёмымі з Афганістану, Індыі, Ірану, Канады, Марока, Мэксыкі, Сырыі й Уругвая. Для мяне гэтая разнастайнасьць ёсьць адною з улюбёных рысаў Манрэалю. Здаецца, што ўвесь сьвет -- тут!