Showing posts with label юдаізм. Show all posts
Showing posts with label юдаізм. Show all posts

10 ліпеня 2009

Рэлігія нас яднае ці разьдзяляе?


Злева направа: Пастар Сэмьюэл Кінґ-Кабу, я і Рабін Элан Брайт
Фота: Сэрж Брасо

Пры перадрукоўцы просьба ўзгадваць імя фатографа.

Нядаўна, падчас крыху гарачай дыскусіі ў сеціве, адзін з маіх сяброў сказаў, што арґанізаваная рэлігія зьяўляецца злом, бо яна для таго й створаная, каб разьдзяляць людзей. Я думаю, што большасьць тых, хто належыць да той ці іншай рэлігіі скажа: "Няпраўда! Ніяк не!" Аднак, баюся, што некаторыя вернікі скажуць, "Мая рэлігія ставіцца да ўсіх паважліва, а вось іншыя..." Вось у гэтым, напэўна, і ляжыць праблема.

Усе мае сябры добра ведаюць, што я зьяўляюся веруючым мусульманінам, але гэта не замінае мне сябраваць з хрысьціянамі (каталікамі, пратэстантамі й праваслаўнымі), юдэямі, гінду, аґностыкамі ды атэістамі, у дапаўненьне да мусульманаў (сунітаў, як я, а таксама шыітаў розных плыняў). Розьніца ў рэлігіі звычайна не перашкаджае ўзаемаразуменьню з маімі сябрамі; наадварот, яна стварае цікавыя тэмы для размоў і думак.

Як па мне, дык не рэлігія разьдзяляе людзей, а адсутнасьць жаданьня паслухаць іншага і паспрабаваць зразумець яго. На такую адсутнасьць можа захварэць прыхільнік любой рэлігіі, так жа, як і чалавек, які ня мае ніякага дачыненьня да ніякай рэлігіі. Таму змагацца трэба не з рэлігіяй, а з невуцтвам і фанатызмам.

У спробе паўдзельнічаць у гэтым змаганьні, сёлета 30 сакавіка мы арґанізавалі круглы стол з маімі сябрамі, лютэранскім пастарам з Ґаны Сэмьюэлам Кінґам-Кабу й кансэрватыўным рабінам з Брытаніі Эланам Брайтам у манрэальскай Кірсе сьв. Ансґара, дзе сьвятаром працуе Пастар Сэмьюэл. Тэмай вечара быў Аўраам (мір яму!), які паводле юдэяў і хрысьціян, вядома, зьяўляецца патрыярхам, а паводле мусульман -- прарокам. На сустрэчу прыйшлі чалавек 25 розных рэлігій, у асноўным хрысьціяне (ня дзіва -- горад пераважна хрысьціянскі). Мы пагаварылі аб ролі гэтай вялікай постаці ў нашых трох рэлігіях і аб тым, як мы можам сёньня, у якасьці юдэяў, хрысьціян і мусульман, ісьці па ягоных сьлядах.

Думаю, што за гэты вечар мы ўсе дазналіся аб шмат новым. Акрамя таго, каб набрацца натхненьня ад нашай агульнай веры ў Бога й пашаны да Аўраама (мір яму!), мы таксама бліжэй пазнаёміліся з нашымі суседзямі, якія сьледуюць іншым рэлігіям і маюць іншыя погляды. Адна датчанка, прыхаджанка кірхі, якая прысутнічала на дыскусіі, сказала, што зараз яна лепш разумее мусульман, і таксама разумее, што яны не такія "іншыя", як іх малююць. Гэта пасьля ўсяго толькі гадзіны-другой сяброўскай размовы.

Вось што нам трэба, і чаго нам у гэтым сьвеце не хапае. Сесьці, пагутарыць, зразумець чалавечнасьць людзей вакол нас. І тады, як бы нас не пужалі у ґазэтах і па тэлебачаньні малюнкамі у дзьвюх вымярэньнях, сколькі б нам не казалі, што ўсе юдэі -- хітрыя акупанты, а ўсе мусульмане -- злыя тэрарысты, мы, дай Бог, будзем ведаць, што рэальнасьць гэта рэч больш складаная. І ў гэтым рэлігія, нават арґанізаваная, можа моцна дапамагчы.

19 сакавіка 2009

Мой ангельскамоўны блёґ

Майму ангельскамоўнаму блёґу Notes on Religion (Нататкі аб рэлігіі) днямі споўнілася два гады. Як звычайна бывае, адчуваньні два: (1) ужо два гады? (2) усяго толькі два гады?

Калі будзе магчымасьць, завітайце туды. Я там пішу аб навінах, дзе фігуруюць іслам, хрысьціянства, юдаізм, іншыя рэлігіі ды іх прыхільнікі.

Каму патрэбна, можаце карыстацца аўтаматычнымі перекладчыкамі на расейскую: Google Translate альбо Babelfish (вынікі атрымліваюцца даволі сьмешныя, але сэнс улавіць можна). З дапамогаю Google Translate таксама можна перакласьці блёґ на ўкраінскую альбо польскую.

27 снежня 2008

З Ханукаю!


Ханукія ў Карлзруэ
Фота: Міхаэль Каўфман
Ліцэнзыя: Creative Commons Attribution 2.5


Таксама віншую ўсіх, але асабліва, вядома, юдэяў, са сьвятам сьвятла, Ханукаю, якая пачалася 22-га і павінная прадоўжыцца да 30-га.

----------------
Зараз слухаю: Amadou & Mariam - Dounia
via FoxyTunes

17 снежня 2008

Дранікі па-габрэйску



Дранікі. Зразумела. Але вось з чым іх есьці?
Фота: Дэніел Спілз
Ліцэнзыя:
Attribution-Share Alike 2.0

У нядзелю мы з Кейці зайшлі ў сінагогу Шаарэ Цыён на сумеснае сьвяткаваньне Ханукі, якая хутка павінна прыйсьці, Піліпаўкі, якая праходзіць зараз, і Дыўалі, якое прайшло ў лістападзе (дарэчы, віншую ўсіх, хто мае дачыненьне да гэтых сьвятаў). Што зьвязвае ўсе гэтыя сьвяты, асабліва калі два зь іх належаць да монатэістычных рэлігій, а адно -- да палітэістычнай? Сьвятло. Бо ва ўсіх трох сьвятах важную ролю маюць сьвечкі, ліхтары і г.д.

Госьцей адчаставалі рок-музыкай на іўрыце ды ангельскай на тэму Ханукі, у тым ліку пераапрацаванаю вэрсіяй "Bésame mucho", што атрымалася вельмі прыгожа, а таксама традыцыйнымі стравамі габрэяў-ашкэназы, у тым ліку дранікамі. Мяне вымусілі зьесьці мае дранікі пад яблычнаю падліўкаю, нягледзячы на пратэсты Кейці, якая паспрабавала растлумачыць, што я, зьяўляючыся беларусам, звычайна ем дранікі са сьмятанаю. :)

----------------
Now playing: Orpheus Chamber Orchestra - Handel: Music For The Royal Fireworks, HWV 351 - La Paix
via FoxyTunes