Showing posts with label Ізраіль. Show all posts
Showing posts with label Ізраіль. Show all posts

05 лістапада 2009

Апытаньне: Woman in Love

Адна з маіх улюбёных песьняў гэта "Woman in Love", якую ўпершыню выканала Барбра Стайсэнд у 1980 г. Значыць, мы з гэтай песьняй яшчэ й аднагодкі. За ўсе гэтыя гады зьявілася процьма розных вэрсіяў песьні. Прываджу ніжэй некаторыя. Якая вэрсія больш за ўсё падабаецца вам?

Спачатку арыґінал: Барбра Страйсэнд. Толькі, на жаль, я не знайшоў відэазапісу ейнага выкананьня гэтай песьні, а толькі голас. Аднак і гэты аматарскі кліп неблагі. Плюс, для тых хто чытае па-карэйску, ёсьць яшчэ й пераклад слоў. :)



Я даю гэтай вэрсіі 4 ачкі (з 5).

-----

А вось і мая ўлюбёная вэрсія, у выканьні брытанкі Ліз МакКларнан.



5 ачкоў.

---

Амэрыканка Джордын Спаркс



5 ачкоў.

---

Брытанка Рэбэка Райан




3 ачкі.

---

Тайванька Трэйсі Хуан



3 ачкі.

---

Грэчанка Марыям Венізэлу



4 ачкі, толькі з адной агаворкай. Занадта яна маленькая, каб такія песьні сьпяваць. Пачакала б пяць гадоў.

---

Ізраільцянка Дана Інтэрнэшанал



1 ачко.

---




2 ачкі.

---

Македонка Нонэ Недзялькоўская (па-македонску Ноне Неделковска)




1 ачко.

---

Тайваньскі гурт S.H.E.


1 ачко.

---

Італьянка (відаць) Разіта Банэлі




1 ачко.

---

Весяліна (хутчэй за ўсё баўгарка; па-баўгарску Веселина)



2 ачкі; шмат памылак, але пяе няблага.

---

Бонус 1: Вэрсія, якую выканала па-французку Мірэй Мацьё




5 ачкоў!

---

Бонус 2: Bee Gees (якія напісалі песьню для Страйсэнд). Песьня гучыць пад канец гэтага кліпу. Замест "I am a woman in love", яны пяюць "You are a woman in love". :)




5 ачкоў, вядома.

Ну й вось. А што думаеце вы?

31 жніўня 2009

Ольмэрт абвінавачаны ў карупцыі


Эгуд Ольмэрт у Сан-Паўлу (Бразылія) у 2005 г.
Фота: Антоніё Мілена
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution 2.5 Brazil


Пракуратура Ізраілю афіцыйна выдвінула абвінавачаньне ў трох актах карупцыі былому прэмьер-міністру краіны Эгуду Ольмэрту. Паводле абвінавачаньня, якое займае 61 старонку, Ольмэрт, будучы мэрам Ерусаліма ды міністрам, займаўся "махлярствам, злоўжываньнем даверам, рэґістрацыяй фальшывых карпаратыўных дакумэнтаў ды ўтойваньнем ашуканскіх даходаў."

Пакуль невядома, калі пройдзе суд над Ольмэртам.

15 сакавіка 2009

Нараджоны тут

Г.зв. ізраільскія арабы (палестынцы, якія маюць ізраільскае грамадзянства) складаюць амаль 20% ізраільскага насельніцтва. Але, нягледзячы на сваё ізраільскае грамадзянства, у некаторых галінах жыцьця (напрыклад, у будаваньні жытла) яны маюць абмяжаваныя правы, якія робяць іх у рэальнасьці няроўнымі з габрэйскімі ізраільцянамі. Мала хто з габрэяў прыслухваецца да іх: адна таму прычына, што большасьць ізраільскіх арабаў звычайна галасуюць за арабскія партыі, якія, будучы анты-сіянісцкімі, адыгрываюць вельмі марґіналізаваную ролю ў палітыцы краіны.

Песьня "Нараджоны тут" (па-ангельску Born Here) ёсьць спробаю араба-ізраільскага рэп-гурта "ДАМ" з гораду Лод накіраваць свой пункт гледжаньня ізраільскай публіцы: таму гэтая версія песьні выкананая на іўрыце (але прыпеў застаецца на арабскай).



У песьні пяецца, сярод іншага:

Ці то я парушыў закон? Не, гэта закон парушыў мяне.
Хопіць, хопіць, спадарства
Я нарадзіўся тут і мае дзяды таксама
Вы ніколі не адрэжаце мяне ад маіх каранёў
...
Тут я будую свой дом, тут вы яго знішчаеце
Калі мой дом -- незаконны, дык як наконт твайго, браце мой стрыечны?
...
Бо ўрад мае жаданьне --
Максымум габрэяў на максымуме зямлі
Мінімум арабаў на мінімуме зямлі
...
НЕ -- СТРАХУ

11 студзеня 2009

Усе мы палестынцы

Сёньня прайшоў 16-ы дзень ізраільскай вайны ў Сэктары Газа. Каб спыніць ракеты ХАМАСа й іншых груповак, якія (ракеты) забілі за некалькі гадоў 13 ізраільцянаў (у тым ліку тры дзіцяці), ізраільскія вайскоўцы, на сёньняшні дзень, забілі больш, як 800 палестынцаў. Паводле дадзеных палестынскага міністэрства аховы здароўя, якія прыняла ААН, на 8 студзеня ў ходзе йзраільскай апэрацыі загінулі 257 палестынскіх дзяцей і 56 палестынскіх жанчын. А хто ведае, колькі з забітых палестынскіх мужчын таксама былі цывільнымі? Дык хто ж тады тэрарыст?

Калі члены ХАМАСу альбо іншыя палестынскія ваяўнікі забіваюць нават аднаго цывільнага йзраільцяніна, гэта, без усякага сумневу, няправільна. Але калі Йзраіль забівае сотнямі цывільных палестынцаў за два тыдні, што тады? Калі мы зразумеем, што нявінаватае палестынскае жыцьцё такое ж вартае, як і аналягічнае йзраільскае? Калі мы заявім галосна, што забойства сотні палестынцаў ёсьць ня меншым злом, чым забойства аднаго йзраільцяніна?

Наш Творца кажа нам у Кур'ане,

И потому Мы предписали детям Исраиля:
Тот, кто убьет живую душу не за душу,
И не за нечесть на земле,
Тот как бы всех людей погубит.
А тот, кто эту душу сохранит,
Он как бы всех людей убережет от смерти.
(Кур'ан, 5:32; інтэрпрэтацыя Іман Валерыі Порахавай)

Добра было б ХАМАСу тое памятаць. Але, у сёньняшніх абставінах, гэтыя словы са сьвятога пісання ісламу адносяцца асабліва да тых, хто ў іх згаданы ў першую чаргу. Тое, што робіць ХАМАС гэта ня толькі супраціў, гэта таксама й тэрарызм. Бо ХАМАС адмаўляецца бачыць розьніцу паміж ізраільскімі ўзброенымі сіламі й ізраільскім мірным насельніцтвам (бо, у той ці іншы час, большасьць ізраільцянаў служыць у войсках). Гэтая інтэрпрэтацыя супрацьлеглая адвечнай мусульманскай традыцыі (абаснаванай на Кур'ане ды сказаньнях Прарока, мір яму), паводле якой ваяваць дазволена толькі супраць узброеных сіл ворага. Ізраіль, нягледзячы на сваю акупацыю палестынскіх тэрыторый, якая цягнецца з 1967 г., дзесяцігодзьдзямі выстаўляў сябе ахвяраю ў пытаньні тэрарызму. Але зараз відавочна, што Йзраіль палюе на мірных жыхароў Газы, каб пазбавіць ХАМАС базы сацыяльнай падтрымкі.

Гэта вельмі небясьпечны курс для Йзраіля. За межамі ЗША, амаль уся падтрымка, якой карыстаецца Йзраіль у грамадзтве зьяўляецца вынікам сымпатыі гэтай краіне як яхвяры палестынскіх экстрэмістаў, якія раз-пораз забіваюць цывільных ізраільцянаў. Але зараз ізраільскі ўрад даказаў, што ён гатовы рабіць тое ж самае з палестынцамі, толькі ў значна больш шырокім маштабе. Як вынік гэтай палітыкі, у Ізраіля можа застацца толькі адна група іншаземных прыхільнікаў: амэрыканцы-рэспубліканцы.

Настрой на вуліцах сьвету сёньня адназначна пра-палестынскі. Тут у Манрэалі, учорашняя дэманстрацыя, на якую схадзілі мы з Кейці, прыцягнула "амаль 10.000 чалавек" паводле звычайна пра-йзраільскай "Gazette". У гэты раз, нават "Gazette" падтрымала палестынцаў. Такія ж дэманстрацыі прайшлі ў розных іншых гарадах сьвету. У Гішпаніі ў падтрымку палестынцаў Газы прадэманстравалі больш, як сто тысяч чалавек (¡Gracias, amigos!). Тым часам у Лёндане прыхільнікі Йзраілю (у асноўным габрэі), якіх было ад 4 да 15 тысяч, таксама правялі дэманстрацыю з патрабаваньнем спыненьня агню.

Сёньня йзраільскі прэмьер-міністар Эгуд Ольмэрт заявіў на паседжаньні ўраду, што "Ізраіль набліжаецца да цэляў, якія сабе паставіў". Калі адным з гэтых цэляў ёсьць зьнішчэньне ХАМАСу, дык Ізраіль зрабіў крок назад. А калі цэлем зьяўляецца даўгатэрміновая бясьпека Йзраілю, дык тут увогуле зроблены вялікі скачок назад. Застаецца спадзявацца, што альбо йзраільскі ўрад, альбо народ, хутка прачнецца.