Showing posts with label ААН. Show all posts
Showing posts with label ААН. Show all posts

19 ліпеня 2009

З Днём Мандэлы!

18 ліпеня, у дзень нараджэньня Нэлсана Мандэлы, прайшоў першы Дзень Мандэлы. Гэта штосьці накшталт глябальнага суботніка: Фонд Нэлсана Мандэлы заклікаў усіх жыхароў сьвету правесьці 67 хвілін свайго часу ў добраахвотных дзеяньнях дзеля іншых. Чаму менавіта 67? Таму, што прайшло 67 гадоў, як Мандэла пачаў змагацца з тагачасным апартэідным паўднёваафрыканскім рэжымам.

Падтрымку Дню Мандэлы выказалі ААН ды Рух недалучэньня.

У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы "тысячы" чалавек адгукнуліся на гэтую йніцыятыву. Напрыклад, у месьце Матласана (Паўночна-Заходняя правінцыя), група бізнэсоўцаў і грамадзкіх лідэраў пачысьціла 15 дамоў для інвалідаў.

Тым часам, сам Мандэла, якому споўніўся 91 год, адзначыў народзіны дома, разам зь сямьёю ды сябрамі (фоткі тут). А ў Нью-Ёрку прайшоў канцэрт у гонар Мандэлы з удзелам, сярод іншых, Карлы Бруні-Сарказі.

Аднак Элэнар Бэстэр, заснавальніца дзіцячага дому "Райскае гняздо", што ў Кэйптаўне, кажа, што "67 хвілін у год ніколі ня будзе дастаткова". І праўда: хай гэтыя 67 хвілін будуць толькі пачаткам.

13 сакавіка 2009

У 2050 г. нас будзе сем мільёнаў?


Мапа міжнароднае міграцыі. Сінім колерам абазначаныя краіны са станоўчым сальда міграцыі (у тым ліку Беларусь і Канада); рудым -- краіны з адмоўным сальда.
Крыніца: Вікіпэдыя


Заўчора на сайце Адзьделу насельніцтва Дэпартамэнту эканамічных і грамадзкіх спраў ААН зьявіўся леташні прагноз сусьветнага насельніцтва да 2050 г. Паводле гэтых дадзеных, насельніцтва Беларусі складала 9,8 млн. чалавек у 2005 г., а ў 2050 г. яно будзе складаць усяго толькі 7,3 млн.

У той жа час чакаецца, што насельніцтва Канады ўзнімецца з 32,3 млн. чалавек у 2005 г. да 44,4 млн. у 2050 г.

Чаму такая вялікая розьніца? Сярэдняя беларуска нараджае па 1,2 дзіцяці за сваё жыцьцё, у той час як сярэднестатыстычная канадка нараджае 1,6 дзіцяці. Тут адрыў Канады ня дужа вялікі. Галоўная прычына ў міграцыі. Чакаецца, што за пэрыяд 2005-2010, колькасьць імігрантаў у Беларусь і эмігрантаў зь Беларусі будзе аднолькавая. У пэрыяд 2045-2050 зь Беларусі будуць эміграваць у сярэднім па 0,3 чалавека ў год на кожную тысячу жыхароў краіны. Аднак Канада зараз мае станоўчае сальда міграцыі ў 6,3 чалавека на тысячу жыхароў, і чакаецца, што ў 2045-2050 яна будзе мець станоўчае сальда ў 4,9 імігрантаў у год на тысячу жыхароў.

Што, па-Вашаму, трэба рабіць? Пачынаць ужо зараз прыцягваць на Беларусь больш імігрантаў? Нараджаць больш дзяцей? Альбо няхай падае насельніцтва да 7 мільёнаў?