Мапа міжнароднае міграцыі. Сінім колерам абазначаныя краіны са станоўчым сальда міграцыі (у тым ліку Беларусь і Канада); рудым -- краіны з адмоўным сальда.
Крыніца: Вікіпэдыя Заўчора на сайце
Адзьделу насельніцтва Дэпартамэнту эканамічных і грамадзкіх спраў ААН зьявіўся леташні прагноз сусьветнага насельніцтва да 2050 г. Паводле гэтых дадзеных, насельніцтва Беларусі складала 9,8 млн. чалавек у 2005 г., а ў 2050 г. яно будзе складаць усяго толькі 7,3 млн.
У той жа час чакаецца, што насельніцтва Канады ўзнімецца з 32,3 млн. чалавек у 2005 г. да 44,4 млн. у 2050 г.
Чаму такая вялікая розьніца? Сярэдняя беларуска нараджае па 1,2 дзіцяці за сваё жыцьцё, у той час як сярэднестатыстычная канадка нараджае 1,6 дзіцяці. Тут адрыў Канады ня дужа вялікі. Галоўная прычына ў міграцыі. Чакаецца, што за пэрыяд 2005-2010, колькасьць імігрантаў у Беларусь і эмігрантаў зь Беларусі будзе аднолькавая. У пэрыяд 2045-2050 зь Беларусі будуць эміграваць у сярэднім па 0,3 чалавека ў год на кожную тысячу жыхароў краіны. Аднак Канада зараз мае станоўчае сальда міграцыі ў 6,3 чалавека на тысячу жыхароў, і чакаецца, што ў 2045-2050 яна будзе мець станоўчае сальда ў 4,9 імігрантаў у год на тысячу жыхароў.
Што, па-Вашаму, трэба рабіць? Пачынаць ужо зараз прыцягваць на Беларусь больш імігрантаў? Нараджаць больш дзяцей? Альбо няхай падае насельніцтва да 7 мільёнаў?