28 кастрычніка 2009

У ЗША каву варыць трэба апранутым


Адна з вуліц Спрынґфілда
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution-Share Alike 3.0 Unported

19 кастрычніка арыштавалі 29-гадовага жыхара амэрыканскага места Спрынґфілд (штат Вірджынія) Эрыка Ўіл'ямсана (Eric Williamson) за тое, што ён варыў у сваім доме каву голым.

У сваю абарону Ўіл'ямсан кажа, "Так, на мне не было аніякай вопраткі, але я быў адным у маім собскім доме і толькі вылез з ложка. Было цёмна й я зусім ня ведаў, што звонку хтосьці на мяне глядзіць."

А глядзелі на яго жанчына, што йшла міма ягонага дома, ды яе семігадовы сын.

Паводле паліцыі графства Фейрфэкс, дзе знаходзіцца Спрынґфілд, Ўіл'ямсан хацеў, каб яго ўбачылі голым. Зараз яму пагражае год у турме ды штраф у памеры US $2.000 (C $2.160 / Br 5.465.800). Ўіл'ямсан, тым часам, сьвярджае, што ён невінаваты і спрабуе атрымаць ад паліцыі кампэнсацыю за свой арышт.

-----
Зараз слухаю: "Maneo da Ulla/Foliada de Padrenda" у выкананьні Milladoiro.

20 кастрычніка 2009

Да моўнага пытаньня


Кейці перад крамаю "Беларусь", 26 лютага 2009 г.
Фота аўтара.
Усе правы на здымак абароненыя.


У лютым, падчас паездкі ў Нью-Ёрк, мы з Кейці вырашылі схадзіць у краму "Беларусь" (гл. мапу ніжэй).

Ну й бачым на будынку: "BELARUS/BELARUS/БЕЛАРУСЬ. INTERNATIONAL FOOD MARKET. РУССКИЙ МАГАЗИН."

Вось такая наша рэчаіснасьць. Важныя не нашы адказы на пытаньні наконт мовы падчас перапісу. Важнае тое, як мы ў рэальнасьці ўяўляем сябе.

Дарэчы ежы з самой Беларусі ў "Беларусі" ня так многа, але ў цэлым выбар усходнеэўрапейскіх прадуктаў там неблагі. Паводле некаторых, іншай такой крамы ў Нью-Ёрку няма.


View Larger Map

----------------
Зараз слухаю: Capercaillie - Iain Ghlinn' Cuaich
via FoxyTunes

19 кастрычніка 2009

Манрэаль -- чэмпіён


Стадыён "Сапута", хатні стадыён "Імпакту"
Фота: Hugo1009
Гэты здымак не падлягае капірайту

Заўчора наш манрэальскі футбольны клюб "Імпакт" стаў чэмпіёнам Першага Дывізіёну Аб'яднаных Футбольных Ліґ (United Soccer Leagues), у якім удзельнічаюць 11 клюбаў з Канады, ЗША ды Пуэрта-Рыка. Першы Дывізіён зьяўляецца ў рэальнасьці другім узроўнем футбольных спаборніцтваў у зоне ЗША-Канада, пасьля Major League Soccer.

У фінальнай гульне ў суботу "Імпакт" перамог клюб "Ўайткэпс" з Ванкувэра з лікам 3-1. Ґалы за Манрэаль забілі амэрыканец Тоўні Данатэлі, ягоны суайчыньнік Джоўі Ґ'ерцэн і панамец Рабэрта Браўн. Адзіны ґол за Ванкувэр забіў лібэрыец Ансу Турэ.

----------------
Зараз слухаю: Peabo Bryson and Regina Belle - A Whole New World
via FoxyTunes

17 кастрычніка 2009

Мусульмане складаюць 23% чалавецтва


Мячэт у Крушынянах (Польшча) у 2006 г.
Фота: Лукаш Вольны
Гэты здымак не падлягае капірайту.


Паводле справаздачы, падрыхтаванай амэрыканскім НДІ "Форум Пью па Рэліґіі і Грамадзкім Жыцьці", у сьвеце зараз жыве 1,57 мільярда мусульманаў, якія складаюць 23% ад сусьветнага насельніцтва.

Найбольшая колькасьць мусульман (203 мільёны) жыве ў Інданэзіі. За ёй ідуць Пакістан (174 мільёны), Індыя (161 мільён), Банґлядэш (145 мільёнаў) і Эгіпет (79 мільёнаў) (гл. мапу).

Звыш 300 мільёнаў мусульман, г.зн. пятая частка ўсіх мусульман, жыве ў краінах, дзе мусульмане не складаюць большасьць насельніцтва. Найбуйнейшая супольнасьць мінарытарных мусульман жыве ў Індыі.

За выключэньнем Турэччыны, найбуйнешую колькасьць мусульман у Эўропе мае Расея. Паводле гэтай мапы, у Расеі жывуць 16,5 мільёна мусульман, якія складаюць 12% насельніцтва Расеі ды 1% усіх мусульман сьвета. За ёй ідуць Нямеччына (4 мільёны мусульман, 5% насельніцтва), Францыя (3,6 мільёна, 6% насельніцтва), Альбанія (2,5 мільёна, 80% насельніцтва) i Косава (2 мільёны, 90% насельніцтва). Беларусь, паводле аналізу Форума Пью, мае 19 тысяч мусульман, якія складаюць менш чым 1% ад беларускага насельніцтва.

У Паўночнай Амэрыцы няма дзіва, што найбольшая колькасьць мусульман жыве ў ЗША (2,5 мільёна мусульман, 0,8% насельніцтва). Затым ідуць Канада (0,7 мільёна, 2% насельніцтва), Мэксыка (0,1 мільёна, менш чым 1% насельніцтва), Трынідад і Табаґа (78 тысяч, 6% насельніцтва) і Панама (24 тысячы, 0,7% насельніцтва).

Дагэтуль, паводле Форума Пью, агульная колькасьць мусульманаў у сьвеце не была вядомай з навуковай дакладнасьцю. Аналітыкі Форума Пью выкарысталі прыблізна 1.500 крыніц і супрацу 50 дэмоґрафаў ды сацыёляґаў каб дайсьці да сваёй лічбы.

----------------
Зараз слухаю: Milladoiro - Maneo Da Ulla/Foliada De Padrenda
via FoxyTunes

13 кастрычніка 2009

Вяселле ў Агаё


Кейці з маладымі, 3 кастрычніка
Фота: Том Арбар


3 кастрычніка выйшла замуж сястра Кейці Рэбэка, якую ў сямьі называюць Бэк. Імя жаніха Бэнджамін (Бэн) Шпак. Як і шматлікія іншыя людзі з Агаё, Бэн мае заходнеславянскія карані.

Вяселле адбылося ў прыгожым мястэчку Пэрызбурґ, дзе жывуць бацькі Кейці і дзе, дарэчы пажаніліся і мы з Кейці (у 2005 г.). На вяселле прыехалі сваякі Кіскэданаў (сямьі Кейці) пераважна з Усходу ды Сярэдняга Захаду ЗША, ды сваякі Бэна, пераважна з самаго Агаё.

Сярод іншых я такім чынам пазнаёміўся з Кейціным дзедам па лініі мамы, Сэмам Ўудам. У нас у кватэры вісіць некалькі карцін, зробленых Дзедам Сэмам. Што цікава, ён, хоць і нарадзіўся ў ЗША, але ў дзяцінстве жыў тут у Квебеку, у месьце Шэрбрук.

Сярод сваякоў Кейці -- Кіскэданаў, Ўудаў, Шульцаў, Арбараў былі й новыя твары: жонка стрыечнага брата Бэна Ўуда, Рэйчэл, ды жонка яшчэ аднаго стрыечнага брата, Дэйва Шульца, Мэліса. Усяго з гурта дзесяці кузінаў пяць зараз у шлюбе (Кейці была першаю).

У ноч перад вяселлем была вячэра ў маці жаніха. Аказалася, што паміж Бэнам ды Бэк адбылася маленькая спрэчка наконт таго, якой формы будзе пірог на вяселлі. Бэн хацеў квадратны, а Бэк -- круглы. Перамагла, вядома, нявеста. Затое падчас перадвясельнай вячэры мая цешча (і будучая цешча Бэна) падаравала яму ягоны жаданы квадратны пірог.

Самое вяселле складалася з трох частак: вянчаньня, абеда ды танцаў. Вянчаньне адбылося за домам суседзяў Кіскэданаў -- сямьі Рычардсанаў. Сваю сястру з Бэнам абвянчала Кейці (гл. фота). Кейці скончыла міжканфэсіянальную сэмінарыю, і таму мае сэртыфікат міжрэлігійнага пастара. У ЗША гэта дае ёй, у тым ліку, права вянчаць людзей.

Бэн з Бэк вераць у Бога, але хрысьціянамі не зьяўляюцца. Яны хацелі, каб цырымонія іх вянчаньня была духоўнаю, але не хрысьціянскаю. Вось яны й зьвярнуліся да мусульманкі Кейці.

Пасьля казані ды вянчаньня пад акорды арфы госьці пайшлі за дом Кіскэданаў на ўрачысты абед.

У дзень пасьля вяселля было агульнае сьняданьне, зноў за домам Кіскэданаў, а потым госьці разьехаліся. Маладыя паехалі на некалькі гадзін дамоў у Сылвэр Спрынґ (Мэрылэнд), адтуль у Болцімарскі аэрапорт, а адтуль -- на пяць дзён у Барбадас.

Выдаваць дачку замуж у ЗША (дзе арґанізацыяй вяселля звычайна займаецца бок нявесты) гэта вялікая, дарагая, шматмесячная праца. Таму я рады ня толькі за Бэк з Бэнам, але й за сваіх цесьця ды цешчу, бо яны выдалі замуж абодвух дачок, і зараз могуць адпачываць. :)