Showing posts with label Беларусь. Show all posts
Showing posts with label Беларусь. Show all posts

09 лістапада 2009

Ці праўда, што нацыі няма?

Прачытаў атрыкул Марыны Рахлей наконт таго, што беларускія юнакі часам кажуць за мяжой, што яны з Расеі. Я сам такога ня бачыў, але, трэба прызнацца, што я ўвогуле мала знаю беларусаў па-за межамі самой Беларусі. Але адзін з маіх сяброў-украінцаў казаў людзям у ЗША, што ён расеец. Калі я спытаўся ў яго, навошта ён так кажа, ён адказаў, што ён па этнічнасьці ня толькі ўкраінец, але яшчэ й рускі ды габрэй. Ну й выходзіць, што ён, у нейкім сэнсе, сапраўды расеец.

Будучы беларусам (і ня будучы рускім), я асабіста з моманту абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці кажу за мяжою, што я -- беларус (гл. мой ранейшы пост на гэтую тэму).

Але сапраўды нярэдка даводзіцца тлумачыць, што такое Беларусь, і дзе гэта. Вось днямі мне прыслала ганарар з Менску Радыё Свабода. Зайшоў я ў філіял Western Union-a й напісаў на блянку, што чакаю грошы зь Беларусі.

-- Што гэта за краіна, спыталася ў мяне касірка-арабка.

-- Беларусь, паўтарыў я.

І на гэты раз не зразумела. Можа па-арабску зразумее? -- падумаў я.

-- Русія аль-Байда біль-арабія, кажу. Арабы ўсё яшчэ не вырашылі, як называць Беларусь: Русія аль-Байда (Белая Расея), Беларусія, ці Беларус. Аднак большасьць (сярод тых, хто чуў аб Сінявокай) выкарыстоўвае першую назву.

Касірка зразумела. І выдала грошы, дзякуй Богу.

А вось хто вінаваты ў тым, што назву "Беларусь" ня ведаюць у сьвеце праз амаль 18 гадоў са дня атрыманьня Беларусяй незалежнасьці? Вядома, мы самі і ніхто іншы. І тут я згодны са спадарыняй Рахлей.

20 кастрычніка 2009

Да моўнага пытаньня


Кейці перад крамаю "Беларусь", 26 лютага 2009 г.
Фота аўтара.
Усе правы на здымак абароненыя.


У лютым, падчас паездкі ў Нью-Ёрк, мы з Кейці вырашылі схадзіць у краму "Беларусь" (гл. мапу ніжэй).

Ну й бачым на будынку: "BELARUS/BELARUS/БЕЛАРУСЬ. INTERNATIONAL FOOD MARKET. РУССКИЙ МАГАЗИН."

Вось такая наша рэчаіснасьць. Важныя не нашы адказы на пытаньні наконт мовы падчас перапісу. Важнае тое, як мы ў рэальнасьці ўяўляем сябе.

Дарэчы ежы з самой Беларусі ў "Беларусі" ня так многа, але ў цэлым выбар усходнеэўрапейскіх прадуктаў там неблагі. Паводле некаторых, іншай такой крамы ў Нью-Ёрку няма.


View Larger Map

----------------
Зараз слухаю: Capercaillie - Iain Ghlinn' Cuaich
via FoxyTunes

17 кастрычніка 2009

Мусульмане складаюць 23% чалавецтва


Мячэт у Крушынянах (Польшча) у 2006 г.
Фота: Лукаш Вольны
Гэты здымак не падлягае капірайту.


Паводле справаздачы, падрыхтаванай амэрыканскім НДІ "Форум Пью па Рэліґіі і Грамадзкім Жыцьці", у сьвеце зараз жыве 1,57 мільярда мусульманаў, якія складаюць 23% ад сусьветнага насельніцтва.

Найбольшая колькасьць мусульман (203 мільёны) жыве ў Інданэзіі. За ёй ідуць Пакістан (174 мільёны), Індыя (161 мільён), Банґлядэш (145 мільёнаў) і Эгіпет (79 мільёнаў) (гл. мапу).

Звыш 300 мільёнаў мусульман, г.зн. пятая частка ўсіх мусульман, жыве ў краінах, дзе мусульмане не складаюць большасьць насельніцтва. Найбуйнейшая супольнасьць мінарытарных мусульман жыве ў Індыі.

За выключэньнем Турэччыны, найбуйнешую колькасьць мусульман у Эўропе мае Расея. Паводле гэтай мапы, у Расеі жывуць 16,5 мільёна мусульман, якія складаюць 12% насельніцтва Расеі ды 1% усіх мусульман сьвета. За ёй ідуць Нямеччына (4 мільёны мусульман, 5% насельніцтва), Францыя (3,6 мільёна, 6% насельніцтва), Альбанія (2,5 мільёна, 80% насельніцтва) i Косава (2 мільёны, 90% насельніцтва). Беларусь, паводле аналізу Форума Пью, мае 19 тысяч мусульман, якія складаюць менш чым 1% ад беларускага насельніцтва.

У Паўночнай Амэрыцы няма дзіва, што найбольшая колькасьць мусульман жыве ў ЗША (2,5 мільёна мусульман, 0,8% насельніцтва). Затым ідуць Канада (0,7 мільёна, 2% насельніцтва), Мэксыка (0,1 мільёна, менш чым 1% насельніцтва), Трынідад і Табаґа (78 тысяч, 6% насельніцтва) і Панама (24 тысячы, 0,7% насельніцтва).

Дагэтуль, паводле Форума Пью, агульная колькасьць мусульманаў у сьвеце не была вядомай з навуковай дакладнасьцю. Аналітыкі Форума Пью выкарысталі прыблізна 1.500 крыніц і супрацу 50 дэмоґрафаў ды сацыёляґаў каб дайсьці да сваёй лічбы.

----------------
Зараз слухаю: Milladoiro - Maneo Da Ulla/Foliada De Padrenda
via FoxyTunes

06 верасня 2009

Статыстыка наведваньня блёґу (05.06 -- 04.09)

За апошні квартал (чэрвень-верасень) на гэты блёґ зайшоў 191 чытач (прыблізна 2 ў дзень) з Азіі, Паўднёвай Амэрыкі, Паўночнай Амэрыкі ды Эўропы.

Найвялікшая колькасьць чытачоў (33%) прыйшла сюды зь Беларусі. На другім мейсцы былі чытачы з Канады (23%), на трэцім -- з Турэччыны (20%) (hoş geldiniz!).

Найвялікшая крыніца наведвальнікаў блёґу -- сайт Blogger-a (42% чытачоў прыйшлі адтуль). Тыя, хто прыйшоў сюды праз Google найчасьцей шукалі 'чоудхуры наступная станцыя'.

З часу заснаваньня блёґу (г.зн. 5 сьнежня 2008 г.), сюды прыйшлі 663 чытачы (32% зь Беларусі, 26% з Канады, 14% з ЗША).

22 ліпеня 2009

Мая магілёўская прамова ў "Eurozine"-е

Тэкст прамовы, зь якою я выступіў у магілёўскім "Коле сяброў" 11 чэрвеня, передрукаваны ў ангельскім перакладзе ў сеціўным часопісе "Eurozine".

21 ліпеня 2009

Адкуль я? Ну, адкуль?

Турэччына гэта адна з такіх краін, дзе шмат людзей фізічна падобныя на мяне. На Беларусі я здаюся цемнаскурым і людзі зьдзіўляюцца, дазнаўшыся, што я -- беларус (ня так, як вось тут, але ўсё роўна навіна для іх нечаканая).

У Банґлядэш -- наадварот, я амаль бялявы, і таму там таксама некаторыя пытаюцца, адкуль я. У Кувейце мяне ня раз віталі ў крамах пытаньнямі накшталт "Гіндзі? Бакстані? Філібіні?" (Індыец? Пакістанец? Філіпінец?).

А ў Турэччыне збольшага не пытаюцца, бо у выніку зьмяшэньне бэнґальскіх ґенаў зь беларускімі я падобны на адзін з тыпаў тутэйшага насельніцтва. Аднак, калі я йду кудысьці разам зь Кейці, тады ўсім робіцца цікава, адкуль мы. Але бывае, што, замест таго, каб запытацца, робяць свае здагадкі.

Вось аднойчы йдзем мы па Divanyolu Caddesi, а адзін са шматлікіх афіцыянтаў, якія там зазываюць публіку ў свае рэстарацыі, кажа нам, "Извините!"

"Нет, спасибо," адказваю.

А ён настойвае: "Пожалуйста!" Значыць выснова -- Кейці, відаць, расейка, а я буду таксама хтосьці з былога СССР. Няблага, толькі вось зь Кейці памылка атрымалася.

А вось сёньня зайшлі мы ў Эґіпецкі базар, і адзін прадавач у мяне пытаецца, "Siz Türk müsünüz?" (Ці турак Вы?). Прыемна, калі за свайго прымаюць. А іншы кажа нам, "Шалом, шалом!" Так, хлопец цёмны, дзяўчына бялявая, адкуль яны абодва могуць быць адначасова? Вядома, зь Ізраіля!

Ну а потым вяртаюся я адзін дадому з архіву, а мне насустрач ідзе нехта (відаць, турак), і кажа, "Pakistan, Indian, how are you?" І ідзе далей, слухаючы сваю музыку.

09 ліпеня 2009

Хто найбольш шчасьлівы ў сьвеце?


Квітнеючая Коста-Рыка абвешчаная найшчасьлівейшаю краінаю ў сьвеце
Фота: Джон Ролінсан
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution 2.0

Фонд новай экономікі, які знаходзіцца ў Лёндане, нядаўна апублікаваў свой чарговы Індэкс (не)шчасьлівай плянэты, які можна смапмаваць тут. Што для Фонду значыць шчасьце? Гэта "адносная эфэктыўнасьць зь якой нацыі ператвараюць натуральныя рэсурсы плянэты ў доўгае й шчасьлівае жыцьцё для сваіх грамадзян". Падчас падліку бяруцца ва ўвагу працягласьць жыцьця, задавальненьне жыцьцём і экаляґічны адбітак жыхароў краіны.

Дык хто ж тады найболей шчасьлівы? Жыхары Коста-Рыкі! Што робіць іх такімі шчасьлівымі? Іх задавальненьне жыцьцём складае 8,5 балаў з магчымых 10; яны жывуць у сярэднім прыблізна 79 гадоў; іх экаляґічны адбітак складае 2,3 "ґлябяльныя гэктары", г.зн. колькасьць гэктараў, з чыёй гадавой прадукцыі жыве адзін жыхар краіны. Калі гэты паказчык вышэй за 2,1, дык гэта азначае, што жыхары дадзенай краіны жывуць за кошт іншых. Калі ніжэй, значыць, што яны маглі б патрабляць нават болей і не прыносіць пры тым шкоды Зямлі. У Коста-Рыцы, як бачым, гэты паказчык вышэй, чым 2,1, але на кроплю.

У першай дзясятцы шчасьлівых краін, акрамя Коста-Рыкі, знаходзяцца Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Гуатэмала, Віетнам, Калюмбія, Куба, Сальвадор, Бразылія ды Гандурас (цікава, пасьля нядаўніх палітычных падзей жыхары Гандурасу сталі шчасьлівейшымі, ці менш шчасьлівымі?). Камуністы ўсіх краін напэўна будуць вітаць прысутнасьць Віетнаму ды Кубы ў сьпісе дзесяці лідэраў. А ўвогуле лацінаамэрыканцам ёсьць чым ганарыцца.

Сярод мусульманскіх краін на першым мейсцы стаіць Эгіпет, які займае 12-е мейсца ў сьвеце.

На яком жа тады мейсцы Беларусь? Аказваецца на 104-м! На Беларусі сярэднее задавальненьне жыцьцём толькі 5,8 з 10; працягласьць жыцьця 69 гадоў; а экаляґічны адбітак сярэдняга беларуса складае 3,9 га., што значна вышэй за норму 2,1 га. і значыць, што беларусы жывуць за кошт іншых, бяднейшых краін сьвету.

Затое ў Беларусі ў індэксе заможныя суседзі: на 103-м мейсцы Новая Зэляндыя, а на 105-м -- Данія. Чаму гэтыя дьве краіны займаюць такія благія мейсцы? Галоўная прычына ў тым, што яны жывуць амаль цалкам за кошт іншых: сярэдні навазэляндзец карыстаецца 7,7 га. замест дазволеных 2,1. Прынцып гэтага індэксу просты: жыць годна, не руйнуючы пры гэтым навакольнае асяродзьдзе. Годна жыць у Новай Зэляндыі ды Даніі напэўна ўмеюць, а вось над сваімі спажывецкімі звычкамі ім трэба папрацаваць.

Ну а дзе тады знаходзяцца рэальныя суседзі Беларусі? Польшча на 77-м мейсцы, Летува на 86-м, Украіна на 95-м, Латвія на 101-м, Расея на 108-м.

Турэччына, дзе я знаходжуся зараз -- на 83-м мейсцы. Іншыя краіны, дзе я жыў:

Банґлядэш на 31-м мейсцы. Чаму так добра? Задавальненьне жыцьцём у Банґлядэш, на жаль, скдадае толькі 5,3 з 10. Тамтэйшая працягласьць жыцьця 63 гады. Затое экаляґічны адбітак сярэднестатыстычнага банґлядэшца -- толькі 0,6 га.

Тым часам Канада на 89-м мейсцы, Чэхія на 92-м, ЗША аж на 114-м (на 10 радкоў ніжэй Беларусі), а Кувейт на 128-м мейсцы.

Самая нешчасьлівая краіна з усіх у індэксе -- Зымбабвэ, якое знаходзіцца на 143-м мейсцы.

08 ліпеня 2009

Уражаньні ад Беларусі


Вось такія краявіды вельмі спадабаліся Кейці
Фота: Алекс Зяленка, 2005.
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution ShareAlike 2.5


У траўні-чэрвені мы з Кейці пабывалі на Беларусі, я праз амаль дзевяць гадоў, а яна ўпершыню. Ейныя ўражаньні чытайце тут. Было цікава пабачыць сваю радзіму вачамі роднага чалавека з іншай краіны. Найбольш маёй жонцы спадабалася беларуская прырода, найменш -- саўковая архітэктура, якую беларусы працягваюць будаваць, нібы запраграмаваныя.

Мы пабывалі ў маім родным Менску, у Магілёве, дзе жыве большасьць маіх беларускіх сваякоў, у вёсцы Белай у Дрыбінскім раёне, у Горадні, у Берасьці, у Белавескай Пушчы, у Міры. Правялі шмат часу са сваякамі (некаторых зь іх я ня бачыў ці не 20 гадоў), з сябрамі. У Горадні, Белавескай Пушчы, Міры ды Белай я быў упершыню. Горадня нам абодвум вельмі спадабалася сваёй архітэктурай і сваімі прыгожымі касьцёламі, у якіх пануе адчуваньне спакою. Белавеская Пушча, вядома, мейсца цудоўнае. Белая таксама цікавае мейсца, бо там можна пабачыць як працуе населены пункт, створаны для чарнобыльксіх перасяленцаў.

У Міры мы, на жаль, не патрапілі ў замак па прычыне натоўпу турыстаў якія, як і мы, вырашылі прыехаць туды ў суботу. Затое мы зайшлі ў вельмі добра арганізаваны мясцовы музэй, дзе за паўгадзіны дазналіся шмат чаго аб гісторыі мястэчка і ягоных габрэйскіх і татарскіх меншасьцях. Брава адзінаму супрацоўніку гэтага цудоўнага музэю: без перабольшваньня, гэта найцікавейшы музэй, дзе я бываў на Беларусі, бо гісторыя ў ім здаецца жывою.

Схадзілі ў мячэт у Менску: што цікава, будучы беларускім мусульманінам, я ўпершыню пабываў у беларускім мячэце, бо калі я быў на Беларусі ў апошні раз, у 2000 г., менскага мячэту яшчэ не было. Ён усё яшчэ будуецца, але пры тым, што будуецца ёсьць часовае памяшканьне, дзе праходзяць малітвы і якое ўнутры зьяўляецца хоць і маленькім, але ўтульным і прыгожым мячэтам. Што было асабліва прыемна бачыць, дык гэта колькасьць беларусаў, якія прынялі іслам. Калі хто цікавіцца мячэтам, ён знаходзіцца на вул. Ігнаценкі, што ля пр. Пераможцаў.

Вельмі было прыемна пабываць на Беларусі, але адна рэч рэзала вока: ізаляванасьць ад вонкавага сьвету. Калі я перакладваў для Кейці на ангельскую мэню ў рэстарацыі ці што іншае, на яе глядзелі, як на нешта сапраўды дзіўнае. Як гэта, маўляў, сюды трапіла дзяўчына адтуль, з Захаду? Увогуле, за амаль месяц мы пачулі ангельскую мову мабыць чатыры разы і нямецкую аднойчы. Можна некалькі дзён хадзіць па вуліцах і ня ўбачыць чалавека іншай расы. Турысты з-за мяжы калі й ёсьць дык, відаць, у асноўным з Расеі. Выехалі мы на пару дзён у Вільню, і аж дыхаць стала вальней: зноў Захад.

Я не таму гэта кажу, што сабе адчуваю такім уж заходнім (хоць па мэнталітэце я, напэўна, і ёсьць больш заходнім, чым усходнеславянскім). Я таму, што там дзе я жыву (у Манрэалі), ці там, дзе я жыў раней (у Вашынґтоне), ці яшчэ раней (у мястэчку Ґрынэл у Аёве), ці яшчэ раней (у Кувейце), альбо там, дзе я знаходжуся зараз (у Стамбуле) усюдых відаць людзей з усіх канцоў сьвету, усіх колераў скуры, якія гавораць на самых розных мовах. У Менску гэта, дай Бог, таксама калі-небудзь будзе, але пакуль Беларусь да гэтага не гатовая.

Ну прыедуць тысячы ангельцаў, каб выпіць, ці немцаў, каб схадзіць на футбол, ці можа (можа й такое будзе) хто-небудзь зацікавіцца нашай гісторыяй і прыедзе глядзець на нашыя замкі й старажытныя мястэчкі, альбо на нашу прыроду. І што іх чакае? Пэрсанал у сфэры паслуг, які ня ведае ангельскай (куды там ангельская, нават на зварот па-беларуску адказвае па-расейску), і не ўсьміхаецца пакупнікам. Гатэлі, дзе, нягледзячы на тры (!) зоркі, мужу й жонцы немагчыма паспаць у нумары з аднім вялікім ложкам замест двух мініяцюрных. Гарады без мапаў у грамадзкіх мейсцах, брудныя (жахлівыя) грамадзкія туалеты, адсутнасьць надпісаў на лацінцы ў грамадзкім транспарце й на шашах. Недастаткова адмяняць візавы рэжым; трэба ў першую чаргу скасаваць савок.

Аднак аб станоўчым. Мала дзе ў сьвеце знойдзеш такіх шчодрых, такіх адкрытых людзей, як на Беларусі. Нават прадавачка можа й не ўсміхнецца, але шчыра скажа, "На здоровье". Іншаземец не зразумее, але мне ў сэрцы робіцца цёпла. "У высоких берёз своё сердце согреть..." Цёплыя людзі і чароўныя, дрымучыя лясы: вось чаму мяне заўсёды цягне вярнуцца на Беларусь.

Статыстыка наведваньня блёґу (05.03 -- 04.06)

За апошні квартал (сакавік-чэрвень) на гэты блёґ зайшлі 236 чытачоў (прыблізна 3 ў дзень) з кожнага населенага кантынэнту акрамя Афрыкі.

Найвялікшая колькасьць чытачоў (29%) прыйшла сюды зь Беларусі. На другім мейсцы былі чытачы з Канады (28%), на трэцім -- з ЗША (16%).

Найвялікшая крыніца наведвальнікаў блёґу -- сайт Blogger-a (40% чытачоў прыйшлі адтуль). Тыя, хто прыйшоў сюды праз Google найчасьцей шукалі альбо 'плакс + трыццаць тэкстаў' (?), альбо 'рашэд чоудхуры'.

З часу заснаваньня блёґу, сюды прыйшлі 472 чытачы (31% зь Беларусі, 28% з Канады, 18% з ЗША).

Чэрвеньская імпрэза ў Магілёве

11 чэрвеня мне давялося сустрэцца з прадстаўнікамі магілёўскай дэмакратычнай і праваабарончай супольнасьці, што было асабліва прыемна ў горадзе, дзе любяць існуючы рэжым магчыма больш, чым у любой іншай частцы краіны. Я зпазьніўся на паўтары гадзіны, бо ні таксіст, ні ягоная дыспэтчэрка ня ведалі, дзе знаходзіцца зав. Чкалава, дзе павінна была адбыцца сустрэча. Але ўканцы, дзякуючы намаганьням маёй Цёці Надзі і галоўнага рэдактара "ARCHE" Валера Булгакава, мы з Кейці туды ўсё-ткі, дзякуй Богу, патрапілі.

Падрабязнасьці чытайце тут (дарэчы, там памылка ў напісаньні майго прозьвішча; спадзяюся, што яны яе паправяць).

Маю прамову чытайце ў травеньскім нумары "ARCHE".

02 красавіка 2009

Малайцы!


Цімафей Калачоў, які забіў два галы ў матчы
Фота: Натальля Тараненка
Ліцэнзія: Creative Commons Attribution-Share Alike 3.0


Учора парадавала беларуская футбольная зборная сваёй перамогаю з лікам 5-1 у матчы супраць Казахстана. Зараз зьбіраюся, дай Бог, паехаць у Горадню на наступны матч -- супраць Андоры.

14 сакавіка 2009

Сястра Ш.

Сёньня Кейці пайшла на вячэру да сваёй сяброўкі Ш. Зь ёю мы пазнаёміліся нядаўна: месяцы два таму. Аднойчы Кейці зайшла памаліцца ў мусульманскі малельны пакой у Маꥳле й там сустрэла дзяўчыну, якая адначасова там малілася. Я ў той час чакаў Кейці ў рэстарацыі Al-Taïb непадалёк адтуль. Кейці сказала Ш., што яе муж з краіны, аб якой тая напэўна ніколі ня чула: з Беларусі. Тут выявілася, што сама Ш. таксама беларускага паходжаньня!

Дужа было прыемна гэтак нечакана пазнаёміцца зь сястрою па веры й нацыянальнасьці. Што тут казаць? Субхан Аллаг!

----------------
Зараз слухаю: Dahmane El Harrachi - Ya Rayah (Remix)
via FoxyTunes

13 сакавіка 2009

У 2050 г. нас будзе сем мільёнаў?


Мапа міжнароднае міграцыі. Сінім колерам абазначаныя краіны са станоўчым сальда міграцыі (у тым ліку Беларусь і Канада); рудым -- краіны з адмоўным сальда.
Крыніца: Вікіпэдыя


Заўчора на сайце Адзьделу насельніцтва Дэпартамэнту эканамічных і грамадзкіх спраў ААН зьявіўся леташні прагноз сусьветнага насельніцтва да 2050 г. Паводле гэтых дадзеных, насельніцтва Беларусі складала 9,8 млн. чалавек у 2005 г., а ў 2050 г. яно будзе складаць усяго толькі 7,3 млн.

У той жа час чакаецца, што насельніцтва Канады ўзнімецца з 32,3 млн. чалавек у 2005 г. да 44,4 млн. у 2050 г.

Чаму такая вялікая розьніца? Сярэдняя беларуска нараджае па 1,2 дзіцяці за сваё жыцьцё, у той час як сярэднестатыстычная канадка нараджае 1,6 дзіцяці. Тут адрыў Канады ня дужа вялікі. Галоўная прычына ў міграцыі. Чакаецца, што за пэрыяд 2005-2010, колькасьць імігрантаў у Беларусь і эмігрантаў зь Беларусі будзе аднолькавая. У пэрыяд 2045-2050 зь Беларусі будуць эміграваць у сярэднім па 0,3 чалавека ў год на кожную тысячу жыхароў краіны. Аднак Канада зараз мае станоўчае сальда міграцыі ў 6,3 чалавека на тысячу жыхароў, і чакаецца, што ў 2045-2050 яна будзе мець станоўчае сальда ў 4,9 імігрантаў у год на тысячу жыхароў.

Што, па-Вашаму, трэба рабіць? Пачынаць ужо зараз прыцягваць на Беларусь больш імігрантаў? Нараджаць больш дзяцей? Альбо няхай падае насельніцтва да 7 мільёнаў?

12 сакавіка 2009

Статыстыка наведваньня блёґу (05.12.2008 -- 04.03.2009)

За апошні квартал на гэты блёґ зайшлі 236 чытачоў (прыблізна 3 ў дзень) з Азіі, Паўднёвай Амэрыкі, Паўночнай Амэрыкі ды Эўропы.

Найвялікшая колькасьць чытачоў (38%) прыйшла сюды з Беларусі. На другім мейсцы былі чытачы з Канады (28%), на трэцім -- з ЗША (19%).

Найвялікшая крыніца наведвальнікаў блёґу -- сайт Blogger-a (43% чытачоў прыйшлі адтуль). Тыя, хто прыйшоў сюды праз Google шукалі альбо 'рашэд чоудхуры blog' (50%), альбо 'чоўдхуры' (50%).

Дзякую Вам за наведваньне й падтрымку!