22 сакавіка 2009

Двухбаковая брутальнасьць


Манрэальскі place des Arts (Плошча мастацтваў), дзе здарыліся сутыкненьні
Фота: Montrealais
Ліцэнзія: GFDL


Тыдзень таму, у мінулую нядзелю, я зьбіраўся пайсьці на дэманстрацыю супраць паліцэскай брутальнасьці. Людзі зьбіраліся каля станцыі Мэтро Mont-Royal у знак пратэста супраць бяскарнасьці манрэальскіх паліцыянтаў, якія забілі ў жніўні бяззбройнага 18-гадовага хлопца Фрэдзі Віянуэву (Fredy Villanueva) пры спробе арыштаваць ягонага старэйшага брата. Ґазэта McGill Daily нагадвае, што "з 1987 г., манрэальская паліцыя забіла 43 чалавекі, многіх [зь іх] у сумнеўных абставінах". У выніку ня быў зволены ані адзін паліцыянт.

У канцы я на маніфэстацыю не пайшоў, і дзякуй Богу. Бо групка сярод дэманструючых пачала трусьціць вітрыны крамаў і кідацца ў паліцыю рознымі рэчамі, у прыватнасьці цэглаю. У выніку паліцыя арыштавала 221 чалавек. Супраць 32 зь іх узбуджаныя крымінальныя справы. Астатнім 189, відаць, давядзецца плаціць штрафы ў C$ 144 (Br 322.134). Мэр Манрэалю Жэраль Трамбле (Gérald Tremblay) сьцьвярджае, што ў будучыне маніфэстанты будуць мусіць прытрымлівацца абгаворанага маршруту.

Не разумею: нашто было руйнаваць добрую справу сваім жа ґвалтам?

No comments: