20 лютага 2009

Зараз і я канадзец


Каралева Элізабэта ІІ ў 2008 г.
Фота: Ibagli
Ліцэнзыя: Грамадзкая ўласнасьць


У студзені, пасьля чатырох гадоў жыцьця ў Канадзе, я атрымаў канадзкае грамадзянства. Беларускае я, вядома, таксама захоўваю: Канада зусім не патрабуе адмову ад існуючага грамадзянства.

На цырымоніі прыняцьця ў грамадзянства, я пакляўся быць верным Яе Вялікасьці Каралеве Элізабэце ІІ і яе нашчадкам, а таксама паважаць і выконваць канадзкія законы. На цырымоніі прысутнічала 375 навабранцаў у канадцы з 60 розных краін, у тым ліку большасьці краінаў былога СССР, а таксама ЗША, Брытаніі, Францыі, арабскіх краін, краін Паўднёвай Азіі, Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі. Цырымонія прахадзіла ў душнай школьнай актавай залі, замалай для гэткай колькасьці чалавек ды іх госьцяў. На адну толькі праверку дакумэнтаў патрацілася пара гадзін. Але ўсе прысутныя былі цярплівымі, бо яшчэ гадзіна-другая, й яны атрымаюць тое, чаго чакалі некалькі гадоў. Урэшцэ мы паслухалі прамову "судзьдзі па грамадзянстве" (гэта адмысловая катэгорыя судзьдзяў у Канадзе, куды штогод прыяжджаюць сотні тысяч новых імігрантаў), якая сама была колішняю ймігранткаю, а потым прынесьлі прысягу й прасьпявалі канадзкі гімн.

Зараз, упершыню з 1985 г., я жыву ў краіне, грамадзянства якой я маю.

Але што мне гэтае грамадзянства дае?

Па-першае, яно мне дае каралеву. Мне здаецца, што значна лепш мець кіраўніком дзяржавы 82-гадовую жанчыну з каронаю, чым 54-гадовага мужчыну з вусамі.

Па-другое, поўнач. Ён сапраўды, як у песьні пяецца, "бяскрайні", толькі замест аленяў яго сымбалямі тутака зьяўляюцца белыя мядзьведзі ды цюлені. Але як туды даехаць? Калі б я вырашыў паехаць заўтра на тыдзень ва Ікалуіт, сталіцу паўночнай канадзкай тэрыторыі Нунавут, дык адзін толькі самалётны білет бы мне абышоўся ў C$ 3.095 (Br 6.945.362). Уж лягчэй паехаць на тыдзень у Менск за C$ 2.113 (Br 4.741.696).

Па-трэцяе, вельмі прыгожую краіну. Але такую я ўжо маю з самага нараджэньня. Розьніца толькі ў тым, што Канада мае ня толькі цудоўныя лясы й балоты, як Беларусь, але яшчэ й высокія горы. Але я апошнія яшчэ ня бачыў.

Па-чацьвёртае, гарады з багатай гісторыяй. Я асабліва маю на ўвазе адзін горад: Квебек. Гэты горад, які летась адсьвяткаваў свае 400-ыя народзіны, ёсьць аднім з найпрыгажэйшых у сьвеце. Ягоная галоўная адметнасьць у тым, што там захаваўся гістарычны цэнтар з чароўнымі мураванымі дамамі, пабудаванымі ў XVII, XVIII, XIX стагодзьдзях.

Па-пятае, яшчэ дзьве джяржаўныя мовы. Дакладней, ангельскую ды французкую. Моўнае пытаньне ў Квебеку стаіць гэтак жа востра, як і на Беларусі, дарма што тут дзяржава сапраўды ахоўвае французкую. Канадцы звычайна не падзяляюць свой народ па расавых ды рэлігійных рысах (тут выключэньне -- індзейцы, аб якіх гавораць асобна, бо ў астатніх канадцах хаваецца пачуцьцё віны за захоп індзейскіх зямель іх продкамі). Але гэтыя дзьве мовы ёсьць найгалоўнаю лініяй падзелу ў краіне. У самай сярэдзіне гэтага падзелу знаходзіцца мой горад -- Манрэаль. Тут амаль усе ведаюць і французкую мову, і ангельскую, але ўсё роўна выбар мейсца жыцьця, мейсца адукацыі, мейсца працы, мейсца малітвы, выбар сяброў залежыць ад мовы, якую ты ведаеш лепей.

Па-шостае, стабільнасьць. Аб Канадзе за яе межамі ў навінах амаль нічога не чуваць. Ну й добра. :)