24 сакавіка 2009

У суботу гасіце сьвятло дзеля Зямлі

У суботу, 28 сакавіка, па ўсёй плянэце павінна прайсьці акцыя "Гадзіна Зямлі". А 8:30 вечара па мясцоваму часу ў кожным часавым пасе зямлі Усясьветны фонд прыроды (WWF) прызывае ўсіх людзей пагасіць сьвятло на адну гадзіну ў знак пратэсту супраць глябальнага пацяпленьня. Вядома, істотная эканомія паліва ад аднагадзіннага дабраахвотнага адмаўленьня ад электрычнага сьвятла наўрад ці будзе. Але гэта хутчэй сымбаль таго, што людзі хочуць бачыць зьменаў у падыходзе да клімата й прыроды.

WWF спадзяецца, што ў акцыі прыме ўдзел мільярд чалавек ва ўсім сьвеце. 2.398 гарадоў у 83 краінах заявілі, што будуць удзельнічаць на афіцыйным узроўні.

Ін ша Аллаг мы зь сябрамі зьбіраемся ў мяне ў суботу каб гэта адзначыць, разам з беларускім Днём Волі ды банґлядэшскім Днём незалежнасьці. Калі хто чытае з Манрэаля, далучайцеся (лістуйце на chowdhuryrashed малпа gmail.com).

А астатнім: не забудзьцеся пагасіць сьвятло з 20:30 да 21:30 28 сакавіка. Пры сьвечках весялей!

No comments: