21 сакавіка 2009

Далоў тэрарызм! Ісламафобію таксама

Перадрукоўваю тут адказ, які я толькі-што напісаў на страшэнна ісламафобскі пост "gsbelarus"-a:
Чытаў я Ваш блёг, увогуле цікава, але на вось зьнянацку: "Іслам трэба спыніць. Любым коштам. Гэта ня людзі, гэта жывёлы." Прабачце, я не жывёліна. Я мусульманін, і такой жа чалавек, як і Вы. Я таксама, як і Вы, супраць забойства цывільных у любой краіне. Так жа, як і абсалютная большасьць мусульманаў. Я таксама быў абуранны тэрарыстычнымі актамі ў Мумбаі. Дарэчы, сярод людзей, забітых гэнымі тэрарыстамі, былі і мусульмане.

Паводле апытаньняў Gallup-а, 74% інданэзійцаў, 86% пакістанцаў, 81% банглядэшцаў і 80% іранцаў лічуць, што тэрарызм -- ніколі не апраўданы. У той жа час, толькі 46% амэрыканцаў лічуць, што ўзброеныя нападзеньні на цывільных жыхароў (г.зн. тэрарызм) ніколі нельга апраўдаць. Што, калі я з гэтага зраблю выснову, што хрысьціяне -- жывёлы? Падчас басьнійскай вайны, праваслаўныя сербы забілі дзясяткі тысяч цывільных мусульман, бо тыя прагаласавалі на рэфэрундуме за незалежнасьць ад былой Югаславіі. Што, калі я з гэтага зраблю выснову, што праваслаўныя хрысьціяне -- жывёлы? Калі экстрэмісты-гінду забілі як мінімум 790 цывільных мусульманаў у той жа Індыі ў 2002 г. -- што, калі я б зрабіў выснову, што гінду -- жывёлы? Калі ласка зразумейце, што лаянка й нянавісьць нічога станоўчага не даюць.

Дарэчы, індыйскія мусульмане адмовіліся пахаваць целы мумбайскіх тэрарыстаў на мусульманскіх могілках, бо ня лічуць іх мусульманамі па прычыне іхных злачынстваў.

Рэкамэндую Вам артыкул індыйскай пісьменьніцы Арундхаці Рой (не мусульманкі) наконт нападу на Мумбай.
Дарэчы, цікава, што паводле gsbelarus-а, ахвяры мумбайскіх тэрарыстаў гэта "мы". А вышэйзгаданыя ахвяры-мусульмане ў Босьніі і Індыі, гэта для яго таксама "мы"? Альбо мабыць гэта "яны", якіх, на яго думку, можна забіваць без праблемаў?

2 comments:

Maksim L. said...

Цалкам з Вамі згодны, радыкалаў мала, пытанне ў тым як гэта асвячаюць СМІ.

Rashed said...

Дзякую! Дарэчы, радыкалы з усіх бакоў спрабуюць падштурхнуць людзей на "сутыкненьне цывілізацый" і вельмі шкада, калі некаторыя на тое паддаюцца.