26 ліпеня 2009

Абама супраць расізму: хто пераможа?


Расізм -- пытаньне чорна-белае?
Мастак: Ганс Пізэль
Выява знаходзіцца ў грамадзкай уласнасьці


Барак Абама прынёс публічныя прабачэньні паліцыянту, якога ён абвінаваціў у мінулую сераду ў расізме.

Усё пачалося з таго, што да сябе дамоў вярнуўся прафэсар афра-амэрыканазнаўства Гарвардзкага ўнівэрсітэту афра-амэрыканец Гэнры Луіс Ґейц-малодшы (Henry Louis Gates, Jr.). Дзьверы былі зачыненыя на замок, а ў Ґейца не аказалася ключа, і ён быў вымушаны зламаць замок. Усё гэта ўбачыла суседка, якая, не пазнаўшы свайго суседа Ґейца, адразу патэлефанавала па нумары 911.

Хутка прыехала паліцыя места Кеймбрыдж (штат Масачусэц). Сэржант паліцыі па імені Джэймз Краўлі (James Crowley) зайшоў у дом Ґейца і спытаў у яго, хто ён такі. На гэта Ґейц адказаў, што ён -- гаспадар дома і паказаў паліцыянту дакумэнты. Сэржант Краўлі засумняваўся ў сапраўднасьці дакумэнтаў прафэсара і ў выніку Ґейц назваў Краўлі расістам. За такія словы Краўлі арыштаваў Ґейца, абвінаваціўшы яго ў хуліґанстве (disorderly conduct). Гэтае абвінавачаньне потым было скасаванае.

Выступаючы на гэтую тэму падчас прэс-канфэрэнцыі 22 ліпеня, Прэзыдэнт Абама назваў дзеяньні кэймбрыджскай паліцыі "глупымі" і нагадаў, што ў ЗША даўно існуе праблема недаверу паліцыянтаў да амэрыканцаў афрыканскага і лацінаамэрыканскага паходжаньня. Аднак услед за гэтым паднялася хваля крытыкі ў адрас Абамы, асабліва ад рэспубліканцаў, якія заўсёды стаяць гарою за паліцыю ды ўзброеныя сілы. У дапаўненьне трэба адзначыць, што ЗША гэта адна з тых нешматлікіх краін, дзе сярэдні грамадзянін сапраўды паважае паліцыю і паліцыянтаў. Таму словы Абамы аказаліся непапулярнымі.

Тут Абама разьвярнуўся і сказаў, што вінаваты ў гэтай сытуацыі быў ня толькі сэржант Краўлі але й сам Ґейц, і што яму, Абаму, ня трэба было выкарыстоўваць слова "глупы" у адрас паліцыі. Выбачыўшыся перад Краўлі ды кеймбрыджскаю паліцыяй, Абама дадаў, што такія пытаньні лепш за ўсё вырашаюцца за півам, і запрасіў абодвух галоўных пэрсанажаў драмы да сябе ў Белы дом. Паводле ґазэты "Boston Globe", яны зьбяруцца на піва з Абамам 30-га а шостай.

Відавочна, што абраўшы афраамэрыканскага прэзыдэнта Амэрыка не пазбавілася расізму. Адна вячэра з удзелам чорнага прэзыдэнта, чорнага прафэсара-ахвяру й белага паліцыянта (ґазэта "Minneapolis-St. Paul Star-Tribune" прапануе называць яго "сінім" па колеры ягонай уніформы) таксама наўрад ці вырашыць гэтую праблему, адну із самых глыбокіх у амэрыканскім грамадзтве. Аднак, магчыма што зараз белыя паліцыянты будуць крыху больш паважліва ставіцца да афра-амэрыканцаў, каб не апынуцца сярод "глупых" і каб ня піць потым піва з абражанымі. І гэта ўжо праґрэс.

No comments: