28 снежня 2008

Раство аднаго мусульманіна


Манрэаль зімнім вечарам
Фота: Дэйвід Іліф
Ліцэнзыя: Creative Commons Attribution ShareAlike 3.0


Што не кажы, але крыху самотна ў Паўночнай Амэрыцы не сьвяткаваць Раство. У Квебеку быццам бы амаль усе выдаюць сябе за сьвецкіх, для якіх каталіцтва гэта нешта, з чым жылі іх дзяды да "Ціхай рэвалюцыі". Але адразу пасьля Гэлаўіну ў крамах пачынаюць гучаць калядныя песьні -- за месяц да таго, як іх уключаюць значна больш рэлігійныя амэрыканцы. А ў вечары перад Раством выйдзі пахадзіць па вуліцах. Вакол амаль нікога няма, бо ўсе альбо ў касьцёлах, альбо дома зь сямьёю. Зайдзі ў вялікую бібліятэку, і ты апынесься амаль сам насам з бібліятэкарам, якога шкада, бо ён да пятай ня можа пайсьці дадому. Патэлефануй сваякам-мусульманам у Ґаціно раніцаю на Раство і там дзевяцігадовая стрыечная сястрычка Русэлі табе скажа, "Merry Christmas! Oh, we don't do Christmas" (З Раством! Ой, мы ж не сьвяткуем Раство). :)

А тым часам жонка-мусульманка сьвяткуе Раство са сваёю пратэстанцкаю сямьёю ў Пэрызбурґу. Ну што тут зробіш? Трэ й мне неяк гэты дзень адзначыць. Народзіны прарока, усё-ткі (мір яму!), хоць дату Царква і ўзяла са сьвята рымскага бога Сола Інвіктуса (Сонца Непераможнага).

Ну й вось, прыгатаваў я сабе сьвяточную вячэру з навазеландзкай бараніны па гэтым рэцэпце, толькі, канечне, без віна. Дзякуй Богу, атрымалася няблага. Дарэчы, навазеландзкая бараніна, што прадаецца ў Паўночнай Амэрыцы, адказвае мусульманскім рытуальным патрабаваньням. Усё-ткі добра быць мусульманінам у Паўночнай Амэрыцы.

----------------
Зараз слухаю: Золотое Кольцо - Оттепель
via FoxyTunes

No comments: