
Пустыя крэслы ў канадзкім парлямэнце
Фота: Makaristos
Ліцэнзыя: Грамадзкая ўласнасьць
Апошнімі днямі ў Канадзе бушуе палітычны шторм. Дзьве галоўныя апазыцыйныя партыі, Лібэральная партыя Канады й Новая дэмакратычная партыя (NDP), спрабуюць сфармаваць кааліцыю з дапамогаю Квебекскага блёку. Гэтыя тры партыі, кожная зь якіх зьяўляецца больш-менш леванакіраванаю, маюць бальшыню пасадаў у Палаце абшчын, ніжняй палаце канадзкага парлямэнту. Разам яны б лёгка маглі ўзяць уладу ў свае рукі. Але праблема ў тым, што Квебекскі блёк гэта сэпаратысцкая (у Квебеку кажуць "сувэрэнісцкая") партыя, якая хоча вывесьці Квебек з ліку канадзкіх правінцыяў і зрабіць зь яго незалежную дзяржаву. Таму, вядома, ні Лібэралы, ні NDP ня могуць уступіць зь імі ў прамую кааліцыю. Зараз гэтыя дзьве партыі, якія маюць менш дэпутацкіх пасадаў разам, чым кіруючыя Кансэрватары, спрабуюць скінуць урад Сцівэна Гарпэра шляхам вотума недаверу, а потым кіраваць з падтрымкаю, але без прамога ўдзелу, Блёку.
Гучыць заблытана, ці ня так? Многія канадцы ня могуць зразумець, што ў іх краіне здараецца. Лібэралаў і NDP падтрымліваюць 39% насельніцтва, а ідэю кааліцыі -- толькі 28%. Замест таго, каб чакаць, як ягоны ўрад будзе скінуты, Гарпэр папрасіў гэнэрал-губэрнатара Мікаэль Жан (якая намінальна прадстаўляе "канадзкую" каралеву Элізабэту ІІ) абвесьціць перапынак парлямэнцкай сэсіі, што яня й зрабіла. Зараз парлямэнт знаходзіцца ў стане вымушанай вакацыі й павінны зноў сабрацца 26-га студзеня.
Я асабіста падтрымліваю ідэю кааліцыі. Мне не падабаецца Гарпэр, як і не падабаецца ягоныя заяўленьні наконт таго, што, маўляў, спроба сфармаваць кааліцыйны ўрад ёсьць замахам на дэмакратыю. Але ці гатовыя Лібэралы да ўлады? Ня ведаю. Паглядзім, напэўна, у студзені.
No comments:
Post a Comment