Showing posts with label Украіна. Show all posts
Showing posts with label Украіна. Show all posts

09 лістапада 2009

Ці праўда, што нацыі няма?

Прачытаў атрыкул Марыны Рахлей наконт таго, што беларускія юнакі часам кажуць за мяжой, што яны з Расеі. Я сам такога ня бачыў, але, трэба прызнацца, што я ўвогуле мала знаю беларусаў па-за межамі самой Беларусі. Але адзін з маіх сяброў-украінцаў казаў людзям у ЗША, што ён расеец. Калі я спытаўся ў яго, навошта ён так кажа, ён адказаў, што ён па этнічнасьці ня толькі ўкраінец, але яшчэ й рускі ды габрэй. Ну й выходзіць, што ён, у нейкім сэнсе, сапраўды расеец.

Будучы беларусам (і ня будучы рускім), я асабіста з моманту абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці кажу за мяжою, што я -- беларус (гл. мой ранейшы пост на гэтую тэму).

Але сапраўды нярэдка даводзіцца тлумачыць, што такое Беларусь, і дзе гэта. Вось днямі мне прыслала ганарар з Менску Радыё Свабода. Зайшоў я ў філіял Western Union-a й напісаў на блянку, што чакаю грошы зь Беларусі.

-- Што гэта за краіна, спыталася ў мяне касірка-арабка.

-- Беларусь, паўтарыў я.

І на гэты раз не зразумела. Можа па-арабску зразумее? -- падумаў я.

-- Русія аль-Байда біль-арабія, кажу. Арабы ўсё яшчэ не вырашылі, як называць Беларусь: Русія аль-Байда (Белая Расея), Беларусія, ці Беларус. Аднак большасьць (сярод тых, хто чуў аб Сінявокай) выкарыстоўвае першую назву.

Касірка зразумела. І выдала грошы, дзякуй Богу.

А вось хто вінаваты ў тым, што назву "Беларусь" ня ведаюць у сьвеце праз амаль 18 гадоў са дня атрыманьня Беларусяй незалежнасьці? Вядома, мы самі і ніхто іншы. І тут я згодны са спадарыняй Рахлей.