Showing posts with label тэрарызм. Show all posts
Showing posts with label тэрарызм. Show all posts

21 сакавіка 2009

Далоў тэрарызм! Ісламафобію таксама

Перадрукоўваю тут адказ, які я толькі-што напісаў на страшэнна ісламафобскі пост "gsbelarus"-a:
Чытаў я Ваш блёг, увогуле цікава, але на вось зьнянацку: "Іслам трэба спыніць. Любым коштам. Гэта ня людзі, гэта жывёлы." Прабачце, я не жывёліна. Я мусульманін, і такой жа чалавек, як і Вы. Я таксама, як і Вы, супраць забойства цывільных у любой краіне. Так жа, як і абсалютная большасьць мусульманаў. Я таксама быў абуранны тэрарыстычнымі актамі ў Мумбаі. Дарэчы, сярод людзей, забітых гэнымі тэрарыстамі, былі і мусульмане.

Паводле апытаньняў Gallup-а, 74% інданэзійцаў, 86% пакістанцаў, 81% банглядэшцаў і 80% іранцаў лічуць, што тэрарызм -- ніколі не апраўданы. У той жа час, толькі 46% амэрыканцаў лічуць, што ўзброеныя нападзеньні на цывільных жыхароў (г.зн. тэрарызм) ніколі нельга апраўдаць. Што, калі я з гэтага зраблю выснову, што хрысьціяне -- жывёлы? Падчас басьнійскай вайны, праваслаўныя сербы забілі дзясяткі тысяч цывільных мусульман, бо тыя прагаласавалі на рэфэрундуме за незалежнасьць ад былой Югаславіі. Што, калі я з гэтага зраблю выснову, што праваслаўныя хрысьціяне -- жывёлы? Калі экстрэмісты-гінду забілі як мінімум 790 цывільных мусульманаў у той жа Індыі ў 2002 г. -- што, калі я б зрабіў выснову, што гінду -- жывёлы? Калі ласка зразумейце, што лаянка й нянавісьць нічога станоўчага не даюць.

Дарэчы, індыйскія мусульмане адмовіліся пахаваць целы мумбайскіх тэрарыстаў на мусульманскіх могілках, бо ня лічуць іх мусульманамі па прычыне іхных злачынстваў.

Рэкамэндую Вам артыкул індыйскай пісьменьніцы Арундхаці Рой (не мусульманкі) наконт нападу на Мумбай.
Дарэчы, цікава, што паводле gsbelarus-а, ахвяры мумбайскіх тэрарыстаў гэта "мы". А вышэйзгаданыя ахвяры-мусульмане ў Босьніі і Індыі, гэта для яго таксама "мы"? Альбо мабыць гэта "яны", якіх, на яго думку, можна забіваць без праблемаў?

11 студзеня 2009

Усе мы палестынцы

Сёньня прайшоў 16-ы дзень ізраільскай вайны ў Сэктары Газа. Каб спыніць ракеты ХАМАСа й іншых груповак, якія (ракеты) забілі за некалькі гадоў 13 ізраільцянаў (у тым ліку тры дзіцяці), ізраільскія вайскоўцы, на сёньняшні дзень, забілі больш, як 800 палестынцаў. Паводле дадзеных палестынскага міністэрства аховы здароўя, якія прыняла ААН, на 8 студзеня ў ходзе йзраільскай апэрацыі загінулі 257 палестынскіх дзяцей і 56 палестынскіх жанчын. А хто ведае, колькі з забітых палестынскіх мужчын таксама былі цывільнымі? Дык хто ж тады тэрарыст?

Калі члены ХАМАСу альбо іншыя палестынскія ваяўнікі забіваюць нават аднаго цывільнага йзраільцяніна, гэта, без усякага сумневу, няправільна. Але калі Йзраіль забівае сотнямі цывільных палестынцаў за два тыдні, што тады? Калі мы зразумеем, што нявінаватае палестынскае жыцьцё такое ж вартае, як і аналягічнае йзраільскае? Калі мы заявім галосна, што забойства сотні палестынцаў ёсьць ня меншым злом, чым забойства аднаго йзраільцяніна?

Наш Творца кажа нам у Кур'ане,

И потому Мы предписали детям Исраиля:
Тот, кто убьет живую душу не за душу,
И не за нечесть на земле,
Тот как бы всех людей погубит.
А тот, кто эту душу сохранит,
Он как бы всех людей убережет от смерти.
(Кур'ан, 5:32; інтэрпрэтацыя Іман Валерыі Порахавай)

Добра было б ХАМАСу тое памятаць. Але, у сёньняшніх абставінах, гэтыя словы са сьвятога пісання ісламу адносяцца асабліва да тых, хто ў іх згаданы ў першую чаргу. Тое, што робіць ХАМАС гэта ня толькі супраціў, гэта таксама й тэрарызм. Бо ХАМАС адмаўляецца бачыць розьніцу паміж ізраільскімі ўзброенымі сіламі й ізраільскім мірным насельніцтвам (бо, у той ці іншы час, большасьць ізраільцянаў служыць у войсках). Гэтая інтэрпрэтацыя супрацьлеглая адвечнай мусульманскай традыцыі (абаснаванай на Кур'ане ды сказаньнях Прарока, мір яму), паводле якой ваяваць дазволена толькі супраць узброеных сіл ворага. Ізраіль, нягледзячы на сваю акупацыю палестынскіх тэрыторый, якая цягнецца з 1967 г., дзесяцігодзьдзямі выстаўляў сябе ахвяраю ў пытаньні тэрарызму. Але зараз відавочна, што Йзраіль палюе на мірных жыхароў Газы, каб пазбавіць ХАМАС базы сацыяльнай падтрымкі.

Гэта вельмі небясьпечны курс для Йзраіля. За межамі ЗША, амаль уся падтрымка, якой карыстаецца Йзраіль у грамадзтве зьяўляецца вынікам сымпатыі гэтай краіне як яхвяры палестынскіх экстрэмістаў, якія раз-пораз забіваюць цывільных ізраільцянаў. Але зараз ізраільскі ўрад даказаў, што ён гатовы рабіць тое ж самае з палестынцамі, толькі ў значна больш шырокім маштабе. Як вынік гэтай палітыкі, у Ізраіля можа застацца толькі адна група іншаземных прыхільнікаў: амэрыканцы-рэспубліканцы.

Настрой на вуліцах сьвету сёньня адназначна пра-палестынскі. Тут у Манрэалі, учорашняя дэманстрацыя, на якую схадзілі мы з Кейці, прыцягнула "амаль 10.000 чалавек" паводле звычайна пра-йзраільскай "Gazette". У гэты раз, нават "Gazette" падтрымала палестынцаў. Такія ж дэманстрацыі прайшлі ў розных іншых гарадах сьвету. У Гішпаніі ў падтрымку палестынцаў Газы прадэманстравалі больш, як сто тысяч чалавек (¡Gracias, amigos!). Тым часам у Лёндане прыхільнікі Йзраілю (у асноўным габрэі), якіх было ад 4 да 15 тысяч, таксама правялі дэманстрацыю з патрабаваньнем спыненьня агню.

Сёньня йзраільскі прэмьер-міністар Эгуд Ольмэрт заявіў на паседжаньні ўраду, што "Ізраіль набліжаецца да цэляў, якія сабе паставіў". Калі адным з гэтых цэляў ёсьць зьнішчэньне ХАМАСу, дык Ізраіль зрабіў крок назад. А калі цэлем зьяўляецца даўгатэрміновая бясьпека Йзраілю, дык тут увогуле зроблены вялікі скачок назад. Застаецца спадзявацца, што альбо йзраільскі ўрад, альбо народ, хутка прачнецца.