Showing posts with label дэмаграфія. Show all posts
Showing posts with label дэмаграфія. Show all posts

17 кастрычніка 2009

Мусульмане складаюць 23% чалавецтва


Мячэт у Крушынянах (Польшча) у 2006 г.
Фота: Лукаш Вольны
Гэты здымак не падлягае капірайту.


Паводле справаздачы, падрыхтаванай амэрыканскім НДІ "Форум Пью па Рэліґіі і Грамадзкім Жыцьці", у сьвеце зараз жыве 1,57 мільярда мусульманаў, якія складаюць 23% ад сусьветнага насельніцтва.

Найбольшая колькасьць мусульман (203 мільёны) жыве ў Інданэзіі. За ёй ідуць Пакістан (174 мільёны), Індыя (161 мільён), Банґлядэш (145 мільёнаў) і Эгіпет (79 мільёнаў) (гл. мапу).

Звыш 300 мільёнаў мусульман, г.зн. пятая частка ўсіх мусульман, жыве ў краінах, дзе мусульмане не складаюць большасьць насельніцтва. Найбуйнейшая супольнасьць мінарытарных мусульман жыве ў Індыі.

За выключэньнем Турэччыны, найбуйнешую колькасьць мусульман у Эўропе мае Расея. Паводле гэтай мапы, у Расеі жывуць 16,5 мільёна мусульман, якія складаюць 12% насельніцтва Расеі ды 1% усіх мусульман сьвета. За ёй ідуць Нямеччына (4 мільёны мусульман, 5% насельніцтва), Францыя (3,6 мільёна, 6% насельніцтва), Альбанія (2,5 мільёна, 80% насельніцтва) i Косава (2 мільёны, 90% насельніцтва). Беларусь, паводле аналізу Форума Пью, мае 19 тысяч мусульман, якія складаюць менш чым 1% ад беларускага насельніцтва.

У Паўночнай Амэрыцы няма дзіва, што найбольшая колькасьць мусульман жыве ў ЗША (2,5 мільёна мусульман, 0,8% насельніцтва). Затым ідуць Канада (0,7 мільёна, 2% насельніцтва), Мэксыка (0,1 мільёна, менш чым 1% насельніцтва), Трынідад і Табаґа (78 тысяч, 6% насельніцтва) і Панама (24 тысячы, 0,7% насельніцтва).

Дагэтуль, паводле Форума Пью, агульная колькасьць мусульманаў у сьвеце не была вядомай з навуковай дакладнасьцю. Аналітыкі Форума Пью выкарысталі прыблізна 1.500 крыніц і супрацу 50 дэмоґрафаў ды сацыёляґаў каб дайсьці да сваёй лічбы.

----------------
Зараз слухаю: Milladoiro - Maneo Da Ulla/Foliada De Padrenda
via FoxyTunes

13 сакавіка 2009

У 2050 г. нас будзе сем мільёнаў?


Мапа міжнароднае міграцыі. Сінім колерам абазначаныя краіны са станоўчым сальда міграцыі (у тым ліку Беларусь і Канада); рудым -- краіны з адмоўным сальда.
Крыніца: Вікіпэдыя


Заўчора на сайце Адзьделу насельніцтва Дэпартамэнту эканамічных і грамадзкіх спраў ААН зьявіўся леташні прагноз сусьветнага насельніцтва да 2050 г. Паводле гэтых дадзеных, насельніцтва Беларусі складала 9,8 млн. чалавек у 2005 г., а ў 2050 г. яно будзе складаць усяго толькі 7,3 млн.

У той жа час чакаецца, што насельніцтва Канады ўзнімецца з 32,3 млн. чалавек у 2005 г. да 44,4 млн. у 2050 г.

Чаму такая вялікая розьніца? Сярэдняя беларуска нараджае па 1,2 дзіцяці за сваё жыцьцё, у той час як сярэднестатыстычная канадка нараджае 1,6 дзіцяці. Тут адрыў Канады ня дужа вялікі. Галоўная прычына ў міграцыі. Чакаецца, што за пэрыяд 2005-2010, колькасьць імігрантаў у Беларусь і эмігрантаў зь Беларусі будзе аднолькавая. У пэрыяд 2045-2050 зь Беларусі будуць эміграваць у сярэднім па 0,3 чалавека ў год на кожную тысячу жыхароў краіны. Аднак Канада зараз мае станоўчае сальда міграцыі ў 6,3 чалавека на тысячу жыхароў, і чакаецца, што ў 2045-2050 яна будзе мець станоўчае сальда ў 4,9 імігрантаў у год на тысячу жыхароў.

Што, па-Вашаму, трэба рабіць? Пачынаць ужо зараз прыцягваць на Беларусь больш імігрантаў? Нараджаць больш дзяцей? Альбо няхай падае насельніцтва да 7 мільёнаў?