
Калі члены ХАМАСу альбо іншыя палестынскія ваяўнікі забіваюць нават аднаго цывільнага йзраільцяніна, гэта, без усякага сумневу, няправільна. Але калі Йзраіль забівае сотнямі цывільных палестынцаў за два тыдні, што тады? Калі мы зразумеем, што нявінаватае палестынскае жыцьцё такое ж вартае, як і аналягічнае йзраільскае? Калі мы заявім галосна, што забойства сотні палестынцаў ёсьць ня меншым злом, чым забойства аднаго йзраільцяніна?
Наш Творца кажа нам у Кур'ане,
И потому Мы предписали детям Исраиля:
Тот, кто убьет живую душу не за душу,
И не за нечесть на земле,
Тот как бы всех людей погубит.
А тот, кто эту душу сохранит,
Он как бы всех людей убережет от смерти.
(Кур'ан, 5:32; інтэрпрэтацыя Іман Валерыі Порахавай)
Добра было б ХАМАСу тое памятаць. Але, у сёньняшніх абставінах, гэтыя словы са сьвятога пісання ісламу адносяцца асабліва да тых, хто ў іх згаданы ў першую чаргу. Тое, што робіць ХАМАС гэта ня толькі супраціў, гэта таксама й тэрарызм. Бо ХАМАС адмаўляецца бачыць розьніцу паміж ізраільскімі ўзброенымі сіламі й ізраільскім мірным насельніцтвам (бо, у той ці іншы час, большасьць ізраільцянаў служыць у войсках). Гэтая інтэрпрэтацыя супрацьлеглая адвечнай мусульманскай традыцыі (абаснаванай на Кур'ане ды сказаньнях Прарока, мір яму), паводле якой ваяваць дазволена толькі супраць узброеных сіл ворага. Ізраіль, нягледзячы на сваю акупацыю палестынскіх тэрыторый, якая цягнецца з 1967 г., дзесяцігодзьдзямі выстаўляў сябе ахвяраю ў пытаньні тэрарызму. Але зараз відавочна, што Йзраіль палюе на мірных жыхароў Газы, каб пазбавіць ХАМАС базы сацыяльнай падтрымкі.
Гэта вельмі небясьпечны курс для Йзраіля. За межамі ЗША, амаль уся падтрымка, якой карыстаецца Йзраіль у грамадзтве зьяўляецца вынікам сымпатыі гэтай краіне як яхвяры палестынскіх экстрэмістаў, якія раз-пораз забіваюць цывільных ізраільцянаў. Але зараз ізраільскі ўрад даказаў, што ён гатовы рабіць тое ж самае з палестынцамі, толькі ў значна больш шырокім маштабе. Як вынік гэтай палітыкі, у Ізраіля можа застацца толькі адна група іншаземных прыхільнікаў: амэрыканцы-рэспубліканцы.
Настрой на вуліцах сьвету сёньня адназначна пра-палестынскі. Тут у Манрэалі, учорашняя дэманстрацыя, на якую схадзілі мы з Кейці, прыцягнула "амаль 10.000 чалавек" паводле звычайна пра-йзраільскай "Gazette". У гэты раз, нават "Gazette" падтрымала палестынцаў. Такія ж дэманстрацыі прайшлі ў розных іншых гарадах сьвету. У Гішпаніі ў падтрымку палестынцаў Газы прадэманстравалі больш, як сто тысяч чалавек (¡Gracias, amigos!). Тым часам у Лёндане прыхільнікі Йзраілю (у асноўным габрэі), якіх было ад 4 да 15 тысяч, таксама правялі дэманстрацыю з патрабаваньнем спыненьня агню.
Сёньня йзраільскі прэмьер-міністар Эгуд Ольмэрт заявіў на паседжаньні ўраду, што "Ізраіль набліжаецца да цэляў, якія сабе паставіў". Калі адным з гэтых цэляў ёсьць зьнішчэньне ХАМАСу, дык Ізраіль зрабіў крок назад. А калі цэлем зьяўляецца даўгатэрміновая бясьпека Йзраілю, дык тут увогуле зроблены вялікі скачок назад. Застаецца спадзявацца, што альбо йзраільскі ўрад, альбо народ, хутка прачнецца.