13 кастрычніка 2009

Вяселле ў Агаё


Кейці з маладымі, 3 кастрычніка
Фота: Том Арбар


3 кастрычніка выйшла замуж сястра Кейці Рэбэка, якую ў сямьі называюць Бэк. Імя жаніха Бэнджамін (Бэн) Шпак. Як і шматлікія іншыя людзі з Агаё, Бэн мае заходнеславянскія карані.

Вяселле адбылося ў прыгожым мястэчку Пэрызбурґ, дзе жывуць бацькі Кейці і дзе, дарэчы пажаніліся і мы з Кейці (у 2005 г.). На вяселле прыехалі сваякі Кіскэданаў (сямьі Кейці) пераважна з Усходу ды Сярэдняга Захаду ЗША, ды сваякі Бэна, пераважна з самаго Агаё.

Сярод іншых я такім чынам пазнаёміўся з Кейціным дзедам па лініі мамы, Сэмам Ўудам. У нас у кватэры вісіць некалькі карцін, зробленых Дзедам Сэмам. Што цікава, ён, хоць і нарадзіўся ў ЗША, але ў дзяцінстве жыў тут у Квебеку, у месьце Шэрбрук.

Сярод сваякоў Кейці -- Кіскэданаў, Ўудаў, Шульцаў, Арбараў былі й новыя твары: жонка стрыечнага брата Бэна Ўуда, Рэйчэл, ды жонка яшчэ аднаго стрыечнага брата, Дэйва Шульца, Мэліса. Усяго з гурта дзесяці кузінаў пяць зараз у шлюбе (Кейці была першаю).

У ноч перад вяселлем была вячэра ў маці жаніха. Аказалася, што паміж Бэнам ды Бэк адбылася маленькая спрэчка наконт таго, якой формы будзе пірог на вяселлі. Бэн хацеў квадратны, а Бэк -- круглы. Перамагла, вядома, нявеста. Затое падчас перадвясельнай вячэры мая цешча (і будучая цешча Бэна) падаравала яму ягоны жаданы квадратны пірог.

Самое вяселле складалася з трох частак: вянчаньня, абеда ды танцаў. Вянчаньне адбылося за домам суседзяў Кіскэданаў -- сямьі Рычардсанаў. Сваю сястру з Бэнам абвянчала Кейці (гл. фота). Кейці скончыла міжканфэсіянальную сэмінарыю, і таму мае сэртыфікат міжрэлігійнага пастара. У ЗША гэта дае ёй, у тым ліку, права вянчаць людзей.

Бэн з Бэк вераць у Бога, але хрысьціянамі не зьяўляюцца. Яны хацелі, каб цырымонія іх вянчаньня была духоўнаю, але не хрысьціянскаю. Вось яны й зьвярнуліся да мусульманкі Кейці.

Пасьля казані ды вянчаньня пад акорды арфы госьці пайшлі за дом Кіскэданаў на ўрачысты абед.

У дзень пасьля вяселля было агульнае сьняданьне, зноў за домам Кіскэданаў, а потым госьці разьехаліся. Маладыя паехалі на некалькі гадзін дамоў у Сылвэр Спрынґ (Мэрылэнд), адтуль у Болцімарскі аэрапорт, а адтуль -- на пяць дзён у Барбадас.

Выдаваць дачку замуж у ЗША (дзе арґанізацыяй вяселля звычайна займаецца бок нявесты) гэта вялікая, дарагая, шматмесячная праца. Таму я рады ня толькі за Бэк з Бэнам, але й за сваіх цесьця ды цешчу, бо яны выдалі замуж абодвух дачок, і зараз могуць адпачываць. :)

No comments: